Былы начальнік Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, асуджаны за хабар з адтэрміноўкай, усё ж будзе сядзець
Па пратэсце пракуратуры вынесена больш суровае пакаранне для былога начальніка Гомельскага аддзялення БЧ Рыгора Дворака: яму адменена адтэрміноўка. Пракуратура лічыць, што абвінавачаны не раскаяўся і не жадае весці законапаслухмянага ладу жыцця, а пакаранне без ізаляцыі ад грамадства не будзе спрыяць яго выпраўленню.
06.07.2023 / 19:36
У красавіку экс-чыноўніка асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады і да штрафу ў памеры 350 базавых велічынь (12,95 тысячы рублёў).
Цяпер пасля задавальнення пратэсту пракуратуры Рыгор Дворак застаўся без адтэрміноўкі і адправіцца адбываць тэрмін пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усяго на лаве падсудных па гэтай справе апынулася сем службовых асоб. Іх абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, дачы і атрыманні хабару, а таксама службовай падробцы.
Па звестках следства, абвінавачаныя выкарыстоўвалі для асабістых патрэб маёмасць, якая набывалася для прадпрыемства. Гэта былі ложкі, тумбы, матрацы, а таксама бытавая тэхніка. Работнікам БЧ таксама паставілі ў віну злоўжыванні пры здзяйсненні закупак. Маёмасць набывалася па завышаных цэнах, а розніцу ў цэнах службовыя асобы прысвойвалі. Злачынствы ўчыняліся ў перыяд з 2019 па 2021 год.
Самае суровае пакаранне ў выніку было вынесена начальніку філіяла будаўніча-мантажнага цягніка №354 на станцыі Гомель. Абвінавачаны атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Што тычыцца Рыгора Дворака, то, паводле пракуратуры Гомельскай вобласці, «былы начальнік РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» аказваў дапамогу экс-дырэктару філіяла, які, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, арганізаваў рэканструкцыю яго домаўладання пераважна за кошт сродкаў БМЦ №354, чым прычыніў шкоду прадпрыемству на суму больш за 60 тысяч рублёў. Ён жа выкарыстаў у працоўны час транспартныя сродкі Гомельскага аддзялення БЧ у асабістых мэтах, пасля чаго даваў указанні кіроўцам уносіць у дарожныя лісты недакладныя звесткі», — паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці.
Рыгор Дворак кіраваў Гомельскім аддзяленнем БЧ на працягу дзевяці гадоў. Акрамя таго, ён быў і членам Савета Рэспублікі шостага склікання. У 2020 годзе гомельскія чыгуначнікі выходзілі на пікет у знак пратэсту супраць рэпрэсій з боку кіраўніцтва Гомельскага аддзялення БЧ. Работнікі сцвярджалі, што звальненні нязгодных адбываліся па асабістым распараджэнні Дворака.