Зяленскі прыляцеў у Прагу. Будуць абмяркоўваць саміт NATO
Спецыяльны самалёт урада Чэхіі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прызямліўся ў пражскім аэрапорце ў чацвер вечарам. Яго суправаджалі два знішчальнікі Gripen.
07.07.2023 / 07:20
Фота: Petr David Josek / AP
Пасля прызямлення Зяленскі адправіўся ў Пражскі град — рэзідэнцыю прэзідэнта Чэхіі, дзе ён меўся правесці перамовы з прэзідэнтам Пэтрам Павэлам, а таксама прэм'ерам і спікерамі чэшскага парламента.
Гэта першы візіт прэзідэнта Украіны ў Чэхію з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання і першы асабіста для Зяленскага.
«Візіт украінскага прэзідэнта мае на мэце выказаць падзяку за падтрымку, якую Чэшская Рэспубліка аказвае Украіне з пачатку расійскай агрэсіі, і запэўніць, што гэтая падтрымка будзе працягвацца», — паведамілі ў канцылярыі прэзідэнта Чэхіі.
Чакаецца, што на сустрэчы тэт-а-тэт прэзідэнты Украіны і Чэхіі скаардынуюць свае пазіцыі напярэдадні саміту NATO ў Вільні, дзе будуць абмяркоўвацца ў тым ліку гарантыі бяспекі для Украіны.
Нагадаем, перад гэтым у чацвер Уладзімір Зяленскі быў з візітам у Балгарыі. Лідары абедзвюх краін падпісалі супольную дэкларацыю, якая стала 22-м дакументам, у якім гаворыцца аб падтрымцы сяброўства Украіны ў NATO.
Таксама, паводле звестак медыя, Зяленскі напярэдадні саміту NATO ў Вільні наведае Турцыю для сустрэчы з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, піша «Украінская праўда».