Два ўнікальныя партрэты Рэмбранта прададзеныя за $14 мільёнаў. Два стагоддзі пра іх ніхто не памятаў

Два партрэты віселі ў доме вадаправодчыка да 1760 года, калі іх упершыню прадалі на аўкцыёне ў Амстэрдаме. Пра іх было вядома да 1824 года, а потым на іх забыліся на два дзесяцігоддзі.

07.07.2023 / 09:24

Christie's image ltd

Два партрэты пэндзля Рэмбранта, якія 200 гадоў знаходзіліся ў прыватных руках, сышлі з малатка на аўкцыёне Christie's у Лондане за 11 з лішнім мільёнаў фунтаў стэрлінгаў ($14 млн), піша Бі-бі-сі.

Невялікія авальныя партрэты (іх вышыня не перавышае 20 сантыметраў), на якіх намаляваны заможны галандскі вадаправодчык з жонкай, датаваныя прыкладна 1635 годам, былі выстаўлены на таргі ў ходзе распродажы калекцыі старых майстроў, і чакалася, што яны сыдуць за 5-8 млн фунтаў, аднак у ходзе таргоў цана дасягнула £11.235.000.

Па іроніі лёсу, апошні раз гэтыя партрэты з'яўляліся ў тым жа аўкцыённым доме Christie's у 1824 годзе, дзе іх і набыў продак цяперашніх уладальнікаў. З тых часоў яны не пакідалі прыватную калекцыю, а мастацтвазнаўцы і знаўцы Рэмбранта на нейкі час забыліся пра іх.

«Я быў уражаны, калі высветліў, што на працягу 200 гадоў ніхто не даследаваў гэтыя карціны, і яны не згадваюцца ў працах, прысвечаных Рэмбранту, яны ціха віселі сабе два стагоддзі, і імі ціха атрымлівалі асалоду ўладальнікі»,

— кажа віцэ-прэзідэнт аўкцыённага дома Генры Пеціфер, спецыяліст па старых майстрах, які ўпершыню сутыкнуўся з гэтымі партрэтамі яшчэ некалькі гадоў таму падчас звычайнай ацэнкі прыватнай калекцыі і нечакана зноў адкрыў для свету два шэдэўры.

Пасля гэтага пачаліся карпатлівая экспертыза аўтэнтычнасці партрэтаў, у якой прымалі ўдзел эксперты з Рэйксмузеума — дзяржаўнага мастацкага музея ў Амстэрдаме.

На партрэтах — самых маленькіх з тых, што выйшлі з-пад пэндзля вялікага фламандца — намаляваная пажылая пара: вядомы ў Лейдэне заможны вадаправодчык Ян Вілемс ван дэр Плюйм і яго жонка Яапген Карэлс.

Сям'я Рэмбранта добра ведала іх, і нават параднілася з імі — іх сын ажаніўся з кузінай Рэмбранта з матчынага боку і, дарэчы, таксама быў жывапісцам, якому Рэмбрант, як лічыцца, пазней даваў урокі.

Быць можа таму партрэты напісаны з такой цеплынёй і ўдзелам (не тое, каб у Рэмбрандта ёсць хоць бы адзін партрэт, напісаны без спробы пранікнуць ва ўнутраны свет натуры).

Два партрэты віселі ў доме вадаправодчыка да 1760 года, калі іх упершыню прадалі на аўкцыёне ў Амстэрдаме.

Пасля гэтага яны вандравалі з адной прыватнай калекцыі ў іншую, пабывалі ў Варшаве, Парыжы, і, нарэшце, дабраліся да Лондана, дзе і аселі пасля продажу ў 1824 годзе.

Пасля «паўторнага адкрыцця» партрэты зноў адправіліся ў падарожжа і ў чэрвені выстаўляліся ў Амстэрдаме і Нью-Ёрку, а потым і ў Лондане на перадпродажным «класічным тыдні».

У Christie's адмовіліся паведаміць, хто менавіта набыў партрэты, і нават не сталі ўдакладняць, ці была гэта прыватная асоба або музей. У аўкцыённым доме заявілі толькі, што гандаль вёўся па тэлефоне, і пакупнік сам зробіць аб'яву аб куплі, калі таго пажадае.

Чытайце таксама:

Чатыры карціны Марка Шагала прадалі на аўкцыёне ў Цюрыху

Разбітую гітару Курта Кабэйна прадалі на аўкцыёне амаль за 600 тысяч даляраў

Карціну Клімта прадалі за рэкордныя для Еўропы грошы

Nashaniva.com