Грамадскія дзеячы заклікалі беларусаў вывесіць нацыянальныя сцягі ў Вільні на час саміту NATO

«У гэтыя дні мы маем магчымасць нагадаць пра сябе зноў, пра тую несправядлівасць, якая адбываецца з намі, пра рэпрэсіі і катаванні, пра прымусовую дэпартацыю сотняў тысяч беларусаў, якія не маюць магчымасці вярнуцца дадому», — звяртаецца група беларускіх грамадскіх дзеячаў Літвы.

07.07.2023 / 15:00

Беларусы Літвы заклікаюць развешваць нацыянальныя сцягі на вокнах і балконах падчас саміту NATO, што пройдзе ў сталіцы Літвы 11-12 ліпеня.

11-12 ліпеня ў Вільні адбудзецца саміт NATO, на які з’едуцца лідары Альянсу, палітыкі, тысячы журналістаў з усяго свету. Падчас саміту будуць закранутыя таксама тэмы Беларусі ў кантэксце размяшчэння ядзернай зброі і ролі нашай краіны ў агульнай бяспецы.

«У гэтыя дні мы маем магчымасць нагадаць пра сябе зноў, пра тую несправядлівасць, якая адбываецца з намі, пра рэпрэсіі і катаванні, пра той татальны ціск, пад якім жывуць беларусы ўнутры Беларусі, пра прымусовую дэпартацыю сотняў тысяч беларусаў, якія не маюць магчымасці вярнуцца дадому.

І таксама пра тое, што мы не здаліся, пра тое, што мы не змірыліся з несправядлівасцю, што мы супраць вайны ва Украіне і таго ўдзелу, які супраць нашай волі бярэ ў ёй наша краіна.

Беларусы ў Беларусі вымушаныя маўчаць, але мы можам прамаўляць за нас усіх.

Мы маем наш герб і наш сцяг. Давайце вывесім сцягі са сваіх вокнаў і балконаў у Вільні, Коўне і іншых гарадах. Вывешвайце сцягі ў даступных грамадскіх месцах: на мастах і парапетах, на вокнах і дзвярах беларускіх кавярняў і офісаў арганізацый.

Мы нагадаем заходнім палітыкам пра сваю прагу да свабоды, сваю прыналежнасць да еўрапейскіх народаў і пра наша права быць пачутымі», — гаворыцца ў звароце актыву беларусаў Літвы.

Сцягі можна здабыць тут:

• A2 Print&Photo — ад беларусаў беларусам

@high_quality16, шые самастойна

• Шыццё ад бабулі Ганны

• Бірулькі, магніты, кулоны пад заказ

• akabaltic.lt

• flagmanas.lt

• brandus.lt

• koalaprint.lt

Nashaniva.com