Саміт НАТА адыдзе ад фармулёвак «Бухарэста» ў пытанні сяброўства Украіны — амбасадарка ЗША

Лідары краін Паўночнаатлантычнага альянсу ў заяве па выніках саміту ў Вільні на наступным тыдні будуць імкнуцца адысці ад фармулёвак Бухарэсцкага саміту 2008 года, чаго Украіна доўгі час патрабуе. Пра гэта на брыфінгу для журналістаў у пятніцу заявіла амбасадарка Злучаных Штатаў пры НАТА Джуліян Сміт, паведамляе «Еўрапейская праўда».

07.07.2023 / 21:38

Фота: AP Photo/Virginia Mayo

Па словах амерыканскай дыпламаткі, Украіна можа чакаць ад саміту НАТА «набор канкрэтных вынікаў, як з пункту гледжання доўгатэрміновай практычнай дапамогі ў такіх пытаннях, як ваенная мадэрнізацыя, так і ў пытаннях аператыўнай сумяшчальнасці».

«У камюніке мы будзем казаць аб імкненні Украіны да сяброўства [у НАТА], і гэта тое, над чым чальцы Альянсу працягваюць працаваць. Але гэта не проста паўтарэнне Бухарэсцкага саміту, гэта будзе інакш, чым тое, пра што мы казалі ў 2008 годзе», — падкрэсліла Сміт.

Яна ўдакладніла, што канкрэтныя фармулёўкі яшчэ ўзгадняюцца дзяржавамі — сяброўкамі НАТА і, хутчэй за ўсё, стануць вядомыя ў канцы тыдня.

У той жа час Джуліян Смін паведаміла, што абмяркоўваецца і пытанне адмены абавязковага плана дзеянняў па сяброўству (ПДС) для Кіева.

«Але я лічу, што прэзідэнт Зяленскі, калі ён наважыцца прыехаць на саміт, атрымае добры прыём, убачыць значную падтрымку адносін Украіны з Альянсам і будзе мець цэлы набор канкрэтных дасягненняў, якія будуць сведчыць пра доўгатэрміновую прыхільнасць да Украіны з боку Альянсу», — адзначыла дыпламатка.

Як вядома, на Бухарэсцкім саміце НАТА 2008 года Германія і Францыя заблакавалі выдачу Украіне і Грузіі плана дзеянняў для сяброўства ў НАТА, баючыся эскалацыі з боку Расіі. З тых часоў абодвум гэтым краінам Альянс толькі абяцаў уступленне «у нейкі дзень».

Чытайце таксама:

Столтэнберг агучыў рашэнні, якія саміт NATO прыме ў дачыненні да Украіны

Зяленскі прыедзе на саміт NATO ў Вільню

Грамадскія дзеячы заклікалі беларусаў вывесіць нацыянальныя сцягі ў Вільні на час саміту NATO

Nashaniva.com