Падчас паездкі ў Італію Ціханоўская абмеркавала візы для беларусаў, падтрымку для добраахвотнікаў і пытанні да саміту NATO
5-7 ліпеня нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская наведала Рым, дзе сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Джорджай Мелоні, міністрам замежных справаў Антоніа Таяні, дэпутатамі і віцэ-спікерамі парламента, прафсаюзамі, экспертнай супольнасцю і медыя, як паведамляе яе прэс-служба.
08.07.2023 / 12:47
Фота: ОСЦ
Падчас сустрэч абмяркоўвалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, стратэгію па вызваленні палітвязняў, санкцыі і ізаляцыю рэжыму, саміт NATO, выдачу Італіяй візаў, падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежным медыя.
Папярэднія вынікі візіту:
— Прэм’ерка Мелоні прыняла Святлану Ціханоўскую ў сваёй рэзідэнцыі. Прыём Ціханоўскай у Італіі на такім узроўні — упершыню.
— У парламенце Італіі ўтвораная група «За дэмакратычную Беларусь», куды ўвайшлі 38 дэпутатаў, з абедзвюх палатаў парламента і ўсіх асноўных партыяў. Цяпер гэта самая вялікая парламенцкая група. Сябры групы, у тым ліку, возьмуць апякунства над палітвязнямі.
— Італія працягне выдачу візаў для беларускіх грамадзян. Сёння Італія — сярод лідараў па выдачы візаў беларусам.
— Італія падтрымае пункты па Беларусі ў выніковай рэзалюцыі саміту NATO. А таксама разглядзіць магчымасць узняцця беларускага пытання ў Еўрасаюзе і структурах ААН. У найбліжэйшы час будзе разглядацца пытанне новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.
Таксама было дамоўлена, што прафсаюзы Італіі працягнуць падтрымку беларускіх рабочых і будуць дабівацца ад урада наступных крокаў згодна з рашэннем Міжнароднай арганізацыі працы аб выкарыстанні артыкула 33 у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі — за сістэмныя парушэнні правоў рабочых і рэпрэсіі супраць прафсаюзаў.
Бакі дамовіліся на працяг праектаў па рэабілітацыі дзетак рэпрэсаваных, а таксама далучэнне беларускіх дзеячаў культуры да праграмаў абмену і стажыровак.
Разгледзяць магчымасць дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну.
Італія будзе падымаць пытанне Беларусі падчас свайго старшынства ў Вялікай сямёрцы (G7), якое пачынаецца 1 студзеня 2024 года.