29 гадоў таму Лукашэнку абралі прэзідэнтам краіны

10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур першых прэзідэнцкіх выбараў, у выніку якога Аляксандр Лукашэнка перамог прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча і стаў прэзідэнтам краіны.

10.07.2023 / 07:38

 

Інаўгурацыя прайшла праз 10 дзён, 20 ліпеня

З таго часу ён афіцыйна перамагаў на выбарах яшчэ пяць разоў: у 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2015-м і 2020-м гадах.

Прычым абвяшчэнне вынікаў у 2006-м, 2010-м і 2020-м прыводзіла да пратэстаў.

У 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы ўзнік намётавы гарадок, які быў знішчаны ў ноч на 24 сакавіка, праз адміністрацыйныя арышты прайшлі дзясяткі чалавек.

19 снежня 2010 года масавая дэманстрацыя была разагнаная на плошчы Незалежнасці, некалькі сотняў чалавек былі затрыманыя, у тым ліку і сем кандыдатаў у прэзідэнты. Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў. Уладзімір Някляеў правёў месяц за кратамі, Алесь Міхалевіч — два месяцы ў турме. Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Ус і Рыгор Кастусёў былі затрыманыя на нейкі час, але потым выпушчаныя.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Getty Images

А фальсіфікацыя вынікаў выбараў у 2020 годзе прывяла да нечуваных пратэстаў, якія доўжыліся некалькі месяцаў. Адначасова з пратэстамі пачаліся масавыя рэпрэсіі, дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты і штрафы, тысячы — праз СІЗА і калоніі, дзясяткі тысяч, калі не сотні тысяч былі вымушаныя эміграваць. Рэпрэсіі не спыняюцца і сёння.

Nashaniva.com