«Тры правалы ў цябе па вобласці». Лукашэнка паехаў у Магілёўскую вобласць
Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня наведвае Магілёў і Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаўніцтва. Сустрэчу Лукашэнка пачаў з традыцыйнага за 29 гадоў патрабавання навесці парадак.
10.07.2023 / 11:19
Аляксандр Лукашэнка на Магілёўскім заводзе ліфтавага машынабудаўніцтва, 10 ліпеня
Лукашэнка, як звычайна, згодна з паведамленнем прэс-службы глядзеў за «парадкам» з борта верталёта па дарозе на прадпрыемства. І яму не спадабалася.
«Вы самі сябе губіце гэтай захламленасцю», — сказаў Лукашэнка.
«Наводзьце парадак. Каб на працягу года ўсё было як мае быць. Мабілізуйце людзей, наводзьце парадак», — паўтараў ён.
Cтаршыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў Аляксандру Лукашэнку аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту ў Магілёўскай вобласці за студзень-май склаў 98,6% да аналагічнага перыяду мінулага года.
«Тры правалы ў цябе па вобласці. Самае дзіўнае, у цябе ж і прамысловасць правальваецца», — здзівіўся Лукашэнка.
Як удакладніў Анатоль Ісачанка, выйсці на запланаваныя паказчыкі па валавым рэгіянальным прадукце не могуць з-за дрэнных вынікаў у прамысловасці, рознічным і аптовым тавараабароце. Што тычыцца прамысловасці, то тут праблемы па двух напрамках — дрэваапрацоўцы і вытворчасці цэменту. Да канца года іх разлічваюць вырашыць, паабяцаў Ісачанка.
Лукашэнка, паводле яго прэс-службы, спытаў, як рэалізуюцца ў рэгіёне інвестыцыйныя праекты.
«Пытанне не ў тым, каб заняць людзей. У нас з гэтым праблем амаль няма. Пытанне ў тым, каб кожны раён зарабляў сабе грошы», — сказаў Лукашэнка.
Акрамя парадку, Лукашэнка звярнуўся да другой сваёй улюбёнай тэмы — дысцыпліны.
«Дысцыпліна павінна быць жалезабетонная. Адсутнасць дысцыпліны — гэта правал. Правал — гэта вайна. Усё пачынаецца з эканомікі», — вывеў свой лагічны ланцужок Лукашэнка.