У Белавежы на Гайнаўшчыне прайшло Купалле

У мястэчку Белавежа на Гайнаўшчыне, што пры самай мяжы з Беларуссю, прайшло традыцыйнае святкаванне старажытнага свята Купалле. Пасля гадавога перапынку, выкліканага эмігранцкім крызісам на польска-беларускай мяжы, беларускае святкаванне Купалля вярнулася ў Белавежу і зноўку парадавала мясцовых жыхароў ды шматлікіх гасцей свята, паведамляе радыё «Рацыя».

10.07.2023 / 12:07

«Мы вельмі радыя, што вярнуліся ў Белавежу пасля гадавога перапынку. Аб’ектыўныя абставіны, якія ад нас не залежаць, не дазволілі нам у мінулым годзе арганізаваць наша беларускае Купалле менавіта тут, у Белавежы, дзе сёлета ўжо 39-ы раз арганізоўваем сустрэчу з такім выключна беларускім абрадам, як ноч Івана Купалы», — сказаў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень.

Святкаванне Купалля ў Белавежы традыцыйна пачалося шэсцем удзельнікаў свята з паходнямі пад гукі «Купалінкі» вуліцамі мястэчка, прадоўжылася вялікім канцэртам у амфітэатры на беразе ракі Нараўкі і пусканнем апоўначы па ёй купальскіх вянкоў.

Фота Радыё Рацыя