У Беларусі пачаліся дні анексаванага Расіяй Крыма

Прэзентацыя турыстычнага, эканамічнага і культурнага патэнцыялу анексаванай у 2014 годзе Расіяй Рэспублікі Крым пройдзе ў Беларусі 10-12 ліпеня, як паведамляе Sputnik са спасылкай на пасольства РФ.

10.07.2023 / 12:24

Мінарэт мячэці Джума-Джамі ў Еўпаторыі. Фота: Getty Images

У сталіцы запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у рамках якіх пройдзе таксама прэзентацыя турыстычнага, эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Крыма.

У прыватнасці, будзе прэзентаваны праект «Рэспубліка Крым — Паўднёвыя марскія вароты Саюзнай дзяржавы», запланаваны дзелавыя перамовы па пытаннях свабоднай эканамічнай зоны Мінска.

Таксама ў Доме Масквы ў Мінску будзе адкрыта выстава архіўных матэрыялаў, прымеркаваная да 240-годдзя Маніфеста Кацярыны ІІ аб далучэнні Крыма, Кубані і Тамані да Расійскай Імперыі.

Праграмай дзён Крыма прадугледжана падпісанне пагаднення аб устанаўленні дружалюбных адносін паміж Сакскім раёнам Крыма і Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці.

Таксама запланавана экспертная дыскусія на тэму «Саюзная дзяржава — завяршальны этап. Значэнне міжрэгіянальнага і міжмуніцыпальнага супрацоўніцтва».

У дыпмісіі паведамілі, што плануецца канцэртная праграма, а таксама сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства культуры Беларусі.

Чытайце таксама:

Беларускі пасол у Расіі дамовіўся з кіраўніком «ДНР» аб супрацоўніцтве ў чатырох сферах. Але супрацоўніцтва ўжо ідзе поўным ходам

Nashaniva.com