Зяленскі возьме ўдзел у саміце NATO — Столтэнберг

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг пацвердзіў удзел прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў саміце Альянсу ў Вільні. Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам у Вільні, піша «Еўрапейская праўда».

10.07.2023 / 15:14

Уладзімір Зяленскі. Фота: Chris McGrath / Getty Images

Столтэнберг заявіў, што гэты саміт павінен наблізіць Украіну да NATO.

«Мы абновім нашы палітычныя сувязі. Прэзідэнт Зяленскі далучыцца да нас на інаўгурацыйным пасяджэнні Рады Украіна — NATO», — заявіў ён.

Раней у інтэрв'ю «Еўрапейскай праўдзе» віцэ-прэм'ер Вольга Стэфанішына заявіла, што пакуль няма фінальнага рашэння адносна ўдзелу Уладзіміра Зяленскага ў Віленскім саміце NATO 11-12 ліпеня.

7 ліпеня Енс Столтэнберг таксама абвясціў, што Зяленскі возьме ўдзел у саміце NATO ў Вільні ў рамках пачатку новага фармату ўзаемадзеяння Украіны з Альянсам. Столтэнберг не ўдакладніў тады фармату ўдзелу прэзідэнта ў пасяджэнні.

Nashaniva.com