Крым зацікаўлены ў пастаўках у Беларусь сваіх вінаў

Анексаваны Расіяй Крым летась паставіў у Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыі на 2 мільёны даляраў — у асноўным гэта былі крымскія віны, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Крыма Арсен Арзіеў, піша «Спутнік».

11.07.2023 / 14:11

«Масандра» — адно з самых знакамітых вінаў Крыма. Фота: турыстычны партал Крыма

«У цэлым Рэспубліка Крым са сваім аграпрамысловым патэнцыялам цесна супрацоўнічае з Беларуссю. Па выніках 2022 года з Рэспублікі Крым накіравана ў Беларусь прадукцыі больш, чым на 2 мільёны долараў, гэта вінаробная прадукцыя, якая з'яўляецца нашай візітнай карткай», — заявіў журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі Крыма.

Крым таксама пастаўляе ў Беларусь птушкагадоўчую прадукцыю, іншыя тавары.

Гаворачы пра беларускі экспарт у Крым, ён адзначыў, што гэты рэгіён РФ актыўна ўзаемадзейнічае з МТЗ і Гомсельмашам.

«Штогод нам пастаўляецца вялікая колькасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі», — сказаў Арзіеў.

Паводле яго слоў, да 25 працэнтаў пастаўляемай у Крым сельскагаспадарчай тэхнікі — беларускай вытворчасці, яна карыстаецца вялікім попытам у крымскіх аграрыяў.

«Візітнай карткай Крыма ў частцы сельскай гаспадаркі з'яўляецца наша садоўніцтва, вінаградарства, вінаробства. І менавіта гэтую прадукцыю мы гатовыя адпраўляць у Беларусь», — сказаў міністр.

Чытайце таксама:

У Беларусі пачаліся дні анексаванага Расіяй Крыма

Беларускі пасол у Расіі дамовіўся з кіраўніком «ДНР» аб супрацоўніцтве ў чатырох сферах. Але супрацоўніцтва ўжо ідзе поўным ходам

Nashaniva.com