«Прапаноў адкупіцца не было». Справу сына Лябедзькі хутка перададуць у суд
Пра затрыманне 37-гадовага Арцёма Лябедзькі стала вядома ў канцы сакавіка. Яго змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна на 15 сутак. Затым дадалі яшчэ 15 сутак, аднак на волю ён так і не выйшаў.
12.07.2023 / 10:59
Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, што караецца да васьмі гадоў зняволення.
Арцём Лябедзька з дачкой. Фота: сацыяльныя сеткі
— Следства па справе сына ўжо завершанае, і ў хуткім часе яе перавядуць у суд, — расказаў «Народнай Волі» Анатоль Лябедзька. — Для мяне абсалютна відавочна, што гэта справа палітычная. Наколькі вядома, большасці тых, каго абвінавачвалі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, давалі магчымасць выплаціць штрафную кампенсацыю. Гэтыя штрафы таксама алагічныя, але людзям прапаноўвалі: калі ты рабіў данат у 50 даляраў, то зараз заплаці, скажам, у 20 разоў больш. І на гэтым пераслед спыняўся.
— Вашаму сыну такія прапановы не паступалі?
— Не, і гэта яшчэ раз падкрэслівае палітычны падтэкст справы. Я наогул не бачу ніякага злачынства ў тым, што Арцём пералічваў грошы, каб дапамагчы іншым.
Але я разумею, чаму па гэтым артыкуле прадугледжваецца даволі строгае пакаранне. Улады хочуць зруйнаваць усялякую міласэрнасць і салідарнасць беларусаў. Па вышэйзгаданым артыкуле даюць пры жаданні нават большыя тэрміны, чым лідарам некаторых апазіцыйных партый ці тым, хто прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях.
Чытайце таксама:
«Хацеў жыць на роднай зямлі». Сына Анатоля Лябедзькі ўжо больш за два месяцы ўтрымліваюць у турме