ЗША: Краіны G7 дадуць гарантыі бяспекі для Украіны

Краіны Групы сямі дадуць гарантыі бяспекі для Украіны ў сераду пасля заканчэння саміту NATO. Пра гэта на брыфінгу для журналістаў заявіла старшая дырэктарка па Еўропе Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Аманда Слоат, як піша ТАСС.

12.07.2023 / 12:02

Белы дом. Фота: Getty Images

«Прэзідэнт [ЗША Джо] Байдэн і лідары краін G7 выступяць са значнай заявай сумесна з прэзідэнтам [Украіны Уладзімірам] Зяленскім. <…> ЗША разам з іншымі лідарамі G7 абвесцяць пра намер дапамагчы Украіне пабудаваць узброеныя сілы, каб абараніць сябе і стрымліваць будучыя атакі», — сказала яна, адзначыўшы, што гарантыі будуць абвешчаныя 12 ліпеня пасля заканчэння саміту Альянсу.

Слоат адзначыла, што гэтая дэкларацыя будзе ўключаць палажэнні аб перамовах партнёраў Украіны з Кіевам, накіраваных на забеспячэнне двухбаковых гарантый бяспекі ў доўгатэрміновай перспектыве.

«Шматбаковая дэкларацыя пашле Расіі выразны сігнал аб тым, што час не на яе баку», — сцвярджае прадстаўніца Белага дома. 

Nashaniva.com