«Няхай апазіцыянеры баяцца». У Беларусі стварылі тры новыя атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС

Пра новыя атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС распавёў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў.

12.07.2023 / 12:52

Вучэнні атрада «Шторм». Усе фота: МУС 

Паводле Карпенкова, створаны тры атрады — «Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне і «Буран» у Гомелі.

«Гэтыя падраздзяленні прызначаны для вядзення баявых дзеянняў, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі ў асаблівы перыяд. У паўсядзённай дзейнасці гэтыя падраздзяленні ўжо нясуць службу і ў прыграніччы, і выконваюць задачы па забеспячэнні сілавога прыкрыцця нашага аператыўнага складу», — расказаў Карпянкоў. 

Стварылі гэтыя падраздзяленні ў пачатку мая.

«Ужо зараз яны баяздольныя, выконваюць баявыя задачы. Атрады ўкамплектаваны кантрактнікамі, якія прайшлі службу ў органах унутраных спраў у падраздзяленнях унутраных войскаў не менш як 3-5 гадоў. Падраздзяленні экіпіраваны, аснашчаны, навучаны з улікам вопыту правядзення ваеннай спецаперацыі ва Украіне», — сказаў ён. 

Паводле яго, вайскоўцы ўзброены сучаснай зброяй, забяспечаны спецыяльнай тэхнікай, у тым ліку цеплавізійнымі прыборамі і прыцэламі, беспілотнікамі.

«Людзі падрыхтаваныя, высока матываваныя, здольныя выконваць задачы любой складанасці. Грамадзяне нашай краіны могуць быць спакойныя. З такімі падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння мы забяспечым мір і парадак у нашай краіне. Апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой і пагражаюць якім-небудзь уварваннем, яшчэ нечым на тэрыторыю Беларусі, няхай бачаць гэта і баяцца», — сказаў Карпянкоў.

Nashaniva.com