Касетныя боепрыпасы зменяць правілы гульні ў барацьбе супраць Расіі — міністр абароны Украіны
Паводле слоў Аляксея Рэзнікава, партнёры Украіны таксама будуць праінфармаваныя аб прымяненні і дзеянні касетных боепрыпасаў.
12.07.2023 / 13:40
Аляксей Рэзнікаў. Фота з яго фэйсбука
Кіеў лічыць, што выкарыстанне касетных боепрыпасаў дазволіць змяніць правілы гульні ў барацьбе з расійскімі войскамі. Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у кулуарах саміту НАТА, як піша «Украінская праўда».
Выступаючы ў кулуарах саміту НАТА, міністр адхіліў незадавальненне некаторых краін і гуманітарных груп адносна прынятай на мінулым тыдні ўрадам ЗША пастановы аб пастаўках Украіне гэтай спрэчнай зброі.
Рэзнікаў падкрэсліў, што ўжыванне гэтай зброі будзе абмежавана некаторымі раёнамі на тэрыторыі Украіны. Паводле яго слоў, партнёры Украіны таксама будуць праінфармаваныя аб прымяненні і дзеянні касетных боепрыпасаў.
«Калі мы атрымалі ў маі 2022 года 155-міліметровыя артылерыйскія сістэмы, гэта стала пераломным момантам. У ліпені мы атрымалі розныя тыпы [рэактыўных сістэм залпавага агню], гэта стала наступным крокам наперад… І я спадзяюся, што касетныя боепрыпасы [стануць] наступным прарывам у якасці зброі або боепрыпасаў для вызвалення нашых часова акупаваных тэрыторый».
Касетныя бомбы забароненыя ў многіх краінах, але не ў ЗША, Украіне і Расіі. Яны скідаюць выбуховыя бомбы для знішчэння салдат праціўніка на вялікай тэрыторыі, аднак неразарваныя боепрыпасы могуць несці доўгатэрміновую пагрозу для цывільнага насельніцтва.
Расія ўжывае свае касетныя боепрыпасы супраць Украіны з моманту свайго поўнамаштабнага ўварвання ў краіну больш за год таму.