Зяленскі ў Вільні спыняўся ў гатэлі «Нарач»

Літоўскія журналісты даведаліся, у якіх віленскіх гатэлях падчас саміту НАТА спыняліся сусветныя лідары. Так, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн жыў у самым дарагім і прэстыжным Grand Hotel Kempinski. Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон абраў месцам свайго размяшчэння гатэль Stikliai, брытанскі прэм'ер Рышы Сунак — Pacai, турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган — Imperial. А вось прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чамусьці вырашыў спыніцца ў самым «беларускім» паводле назвы віленскім гатэлі.

12.07.2023 / 18:31

 

Фота: visitbaltics.net

Гатэль, абраны для жыцця ўкраінскім прэзідэнтам, называецца Narutis. Здавалася б, што ў гэтай назве беларускага? Але гэта толькі калі не ведаць, што Narutis — літоўская назва нашага найбольшага возера Нарач.

На сайце гэтага пяцізоркавага гатэля сцвярджаецца, што ён не толькі найстарэйшы гатэль Вільні, але і адзін з найстарэйшых ва ўсёй Усходняй Еўропе. Ён упершыню згадваецца ў «Альбоме гарадоў свету», выдадзеным у Кёльне ў 1581 годзе, дзе прапануецца падарожнікам як месца для начлегу.

Будынкі гасцініцы — помнікі архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай. Яны адлюстроўваюць разнастайнасць розных архітэктурных стыляў: готыкі, барока і класіцызму — і заўсёды тым ці іншым чынам былі цесна звязаныя з абслугоўваннем гасцей Вільні.

«Вядома, што ў XX стагоддзі спачатку тут дзейнічала гасцініца «Версаль», а ў 1939 годзе адчыніла дзверы гасцініца Narocz (ад назвы возера ў Беларусі, апяванага Адамам Міцкевічам), з якой і пачалася гісторыя сучаснай гасцініцы», — пішуць на сайце ўстановы.

Фота: visitbaltics.net

Гісторыя цяперашняга гатэля Narutis і яго будынкаў цесна звязаная з гісторыяй яго найбліжэйшага суседа, Віленскага ўніверсітэта. У памяшканнях цяперашняга гатэля, дзе сярод іншага былі і прафесарскія кватэры, у свой час працавалі і жылі многія знакамітыя дзеячы навукі і мастацтва, імёны якіх цесна звязаныя з гісторыяй Вільні.

Тут, напрыклад, жыў пісьменнік і гісторык Юзэф Ігнакас Крашэўскі, які напісаў чатырохтомную гістарычную працу «Вільня ад пачатку да 1750 гадоў». Паэт Юліюш Славацкі тут правёў дзяцінства і юнацтва на кватэры айчыма, прафесара ўніверсітэта, тут яго сярод іншага наведваў і Адам Міцкевіч. Французскі прафесар Жан Эмануэль Жылібер у двары, акружаным гасцінічнымі будынкамі, у 1782 годзе заснаваў батанічны сад і першую кансерваторыю ўніверсітэта. Памяці гэтых гістарычных асобаў прысвяцілі мемарыяльныя дошкі на фасадах гатэля.

Гатэль месціцца ў самым гістарычным цэнтры Вільні, на вуліцы Замкавай (Pilies g. 24). Гэта пешаходная вуліца, якая пачынаецца ад Кафедральнай плошчы, пасля пераходзіць у вуліцу Вялікую (Didžioji), а тая ў сваю чаргу — у вуліцу Вастрабрамскую (Aušros Vartų), канчаючыся каля апетай Максімам Багдановічам «Вострай Брамы святой».

Гэта адна з найбольш вядомых і традыцыйных турыстычных віленскіх артэрый, па якой рана ці позна праходзіць кожны, хто наведвае Вільню і цікавіцца яе славутасцямі.

Чытайце таксама:

Якія беларускія бары і кавярні ёсць у Вільні

Беларусы адкрылі ў Вільні карчму ў доме, дзе Каліноўскі збіраўся з паўстанцамі

«Рускія — нашы. Нашы на чале з Францыскам Скарынам». Літоўскі гісторык паразважаў пра рускасць у гісторыі і сучаснасці

Хто і чаму разбеларушвае спадчыну Вільні. Алег Дзярновіч пра беларускіх «літвінаў» і ўкраінска-літоўскі хаўрус

Nashaniva.com