Аб'яднаны пераходны кабінет Б пасмяротна ўзнагародзіў Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць»

Медалём «Гонар і годнасць» ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.

13.07.2023 / 09:32

Фота: АПК

Як адзначаецца ў пастанове, Алесь Мікалаевіч Пушкін — вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, выбітны беларускі патрыёт з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, чалавек няскоранага духу, «які ўсё сваё жыццё аддаў Радзіме і беларускай мове» і які «страціў жыццё, будучы закладнікам рэжыму падчас зняволення ў турме».

Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы. 

Як стала вядома, у яго была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.

Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года і праз год асуджаны на пяць гадоў калоніі па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК) і распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК). Спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродне.

У яго засталіся чацвёра дзяцей.

Сёння ў Бабры праходзіць развітанне з Алесем Пушкіным.

А 10-й ў двары дома па вул. Горная 4 пачнецца развітанне. Потым паніхіда ў 12.30. Пахаванне ў 13.30.

Nashaniva.com