У Гродне зазелянела возера
Юбілейнае возера ў Гродне змяніла колер. Замест амаль блакітнага колеру вады адпачывальнікаў сустракае нешта падобнае да зялёнкі. Можна яшчэ параўнаць ваду ў возеры са шклянкай, дзе памылі пэндзаль пасля выкарыстання зялёнай гуашы або акварэлі, як піша Newgrodno.by.
13.07.2023 / 14:05
Такое ператварэнне звязанае з цвіценнем вады. Гэта прыродная з'ява, выкліканае развіццём фітапланктону. У вадзе папросту размножваюцца ў велізарнай колькасці мікраскапічныя водарасці, якія і надаюць ёй пэўны колер.
Цвіценне часцей за ўсё пачынаецца на фоне гарачай тэмпературы, таксама важна, каб у вадзе была дастатковая колькасць пажыўных рэчываў для водарасцяў.
Ці небяспечна цвіценне для чалавека? Часцей за ўсё не. А вось рыбы і іншыя водныя насельнікі могуць пацярпець. Бо цвіценне здольнае выклікаць недахоп кіслароду ў вадзе.
На Юбілейным возеры купанне забароненае. Забарона з цвіценнем ніяк не звязаная. Пробы вады не адпавядалі нормам яшчэ да таго, як возера «пазелянела».
Зрэшты, купацца ў такой вадзе не вельмі прыемна нават з эстэтычнага пункту гледжання. Цвіце вада звычайна не вельмі працяглы час. Праз тыдзень-другі возера павінна прыйсці ў норму.