Лукашэнка пажадаў, каб на «Славянскім базары» выступалі выканаўцы з Украіны

Падчас адкрыцця фестывалю ён запэўніў, што Беларусь будзе заставацца «астраўком бяспекі і надзейнай апорай для ўсіх міралюбных людзей».

14.07.2023 / 07:22

Фота: БелТА

Галасы і мелодыі майстроў мастацтва з Украіны і з іншых славянскіх краін павінны заўсёды гучаць на сцэнічных пляцоўках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Пра гэта падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю заявіў Аляксандр Лукашэнка, як піша ТАСС.

«Хай гісторыя «Славянскага базару» і Беларусі будзе вечнай, хай заўсёды гучаць найлепшыя мелодыі і галасы не толькі беларускіх майстроў мастацтва, але і блізкіх нам Расіі, Украіны, суседніх славянскіх народаў, ды і многіх іншых народаў, якія ўжо даўно асвоілі гэтае месца і гэтую пляцоўку для палёту ў будучыню. Няхай мір і стварэнне застаюцца галоўнымі мэтамі сучасных і будучых пакаленняў», — сказаў Лукашэнка.

«З году ў год, збіраючыся пад купалам Віцебскага амфітэатра, мы разам — і беларусы, і расіяне, і, упэўнены, нямала тут і ўкраінцаў, і нашы госці — ствараем мір! І гэта галоўная місія «Славянскага базару», — дадаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што раней узнагароды фестывалю «ўручалі тым, хто сёння аказаўся па той бок барыкад».

«Гэта жыццё, бывае ўсякае. Але мы ўручалі за мастацтва, якое гэтыя людзі дарылі нам», — падкрэсліў ён.

Nashaniva.com