«Дык ПВК «Вагнер» не існуе! Проста не існуе!» Пуцін распавёў, пра што размаўляў з Прыгожыным
Карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў даведаўся ва Уладзіміра Пуціна падрабязнасці яго сустрэчы з камандзірамі ПВК «Вагнер» у Крамлі 29 чэрвеня. Сустрэча доўжылася тры гадзіны.
14.07.2023 / 08:19
Фота: Alexander Kazakov / Pool Sputnik Kremlin / AP
Размова адбылася праз пяць дзён пасля няўдалай спробы бунту. 10 ліпеня пра яе распавёў прэс-сакратар кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.
«Адзінае, што мы можам сказаць, што прэзідэнт даў ацэнку дзеянням кампаніі на фронце ў час СВА (так расійская і беларуская прапаганда называюць вайну ва Украіне. — «НН»), а таксама падзеям 24 чэрвеня. Пуцін выслухаў тлумачэнні камандзіраў і прапанаваў ім далейшыя варыянты працаўладкавання»,— казаў тады Пяскоў.
Учора Пуцін раскрыў некаторыя падрабязнасці мерапрыемства. Калеснікаў спытаў пра характар сустрэчы, якая яе версія ў расійскага кіраўніка. Вось як летапісец Пуціна апісаў гэты дыялог (ніжэй вытрымка з «Коммерсанта»).
— Якая ў мяне можа быць версія? — перапытаў Уладзімір Пуцін. — У мяне не версія. У мяне — тое, што адбывалася насамрэч. Гэта ў вас ці ў НАТА можа быць версія.
— Раскажыце тады, што адбывалася насамрэч,— прапанаваў Калеснікаў.
— А што адбывалася насамрэч? — зноў перапытаў Уладзімір Пуцін. — Усё вельмі проста і відавочна для расійскага грамадства. Шараговыя байцы «Вагнера» ваявалі годна, так… Тое, што яны аказаліся ўцягнутыя ў гэтыя падзеі, выклікае шкадаванне… Я скажу так, вельмі акуратна…
Пуцін, вядома, хацеў сустрэцца менавіта з імі, з камандзірамі ПВК, чые байцы ваявалі годна. Не з Яўгенам Прыгожыным, а з імі перш за ўсё.
Відаць было, што ён і праўда хацеў выказацца акуратна.
— З аднаго боку, я на сустрэчы з імі даў ацэнку таму, што яны зрабілі на полі бою, а з другога боку — таму, што яны зрабілі падчас падзей 24 чэрвеня. Трэцяе — паказаў магчымыя варыянты далейшага праходжання імі службы, у тым ліку і баявога прымянення. Вось і ўсё.
І яны ўклаліся ў тры гадзіны.
— Можна меркаваць, — спытаў Калеснікаў, — што ПВК «Вагнер» захаваецца як баявая адзінка?
— Ну, дык ПВК «Вагнер» не існуе! — усклікнуў Уладзімір Пуцін. — У нас жа няма закона аб прыватных вайсковых арганізацыях! Проста не існуе!
Такім чынам, калі няма закона, то няма і ПВК.
А што ж гэта тады ўсё было?
— Такой юрыдычнай асобы няма, — растлумачыў Уладзімір Пуцін.
Тут ён, мабыць, казаў як юрыст.
Гэта было зразумела.
— Група ёсць, але юрыдычна не існуе! — паўтарыў Пуцін. — Гэта асобнае пытанне, звязанае з рэальнай легалізацыяй. Але гэта пытанне, якое павінна абмяркоўвацца ў Дзяржаўнай думе, ва ўрадзе. Няпростае пытанне.
Пазней Уладзімір Пуцін падзяліўся адной гісторыяй з гэтай сустрэчы. На ёй ён прапанаваў камандзірам «Вагнера», якіх, як пацвердзіў прэзідэнт Расіі, на сустрэчы было 35 чалавек («Ну вось, вы ў Крамлі»,— сказаў ён ім), некалькі варыянтаў працаўладкавання, і ў тым ліку — пад кіраўніцтвам іх непасрэднага камандзіра з пазыўным Сівы. Гэта значыць чалавека, пад кіраўніцтвам якога байцы «Вагнера» і служылі апошнія 16 месяцаў.
— Усе яны маглі сабрацца ў адным месцы і працягваць служыць,— сказаў Уладзімір Пуцін. — І для іх нічога б не змянілася. Імі кіраваў бы той жа чалавек, які быў іх рэальным камандзірам увесь гэты час.
— І што ж?
— Многія ківалі, калі я гэта казаў, — працягнуў Уладзімір Пуцін. — А Прыгожын, які сядзеў наперадзе і не бачыў гэтага, сказаў, выслухаўшы:
— Не, хлопцы не згодныя з такім рашэннем.
Гісторыя з ПВК «Вагнер», без сумневу, зачапіла Уладзіміра Пуціна, нават калі ён з гэтым не пагодзіцца, рэзюмуе Калеснікаў.