БТ ізноў скрала спартыўную трансляцыю
Увечары 13 ліпеня ў Ліхтэнштэйне «Нёман» згуляў матч з мясцовай камандай «Вадуц». Гэта была гульня першага кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі канферэнцый. І гэтую трансляцыю паказалі на спартыўным тэлеканале «Беларусь 5», хоць не мелі на гэта правоў, піша «Люстэрка».
14.07.2023 / 09:44
Скрыншот трансляцыі
Рэч у тым, што Белтэлерадыёкампанія з мая 2021 года знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, яна выключана з Еўрапейскага вяшчальнага саюза і не мае права паказваць яго трансляцыі, у прыватнасці матчы беларускай зборнай і камандаў у еўракубках.
Нягледзячы на гэта, трансляцыя выйшла ў эфір на «Беларусь 5». Імаверна, яна была «пірацкай» — узятай з інтэрнэту. Раней, у студзені, такім жа чынам тэлеканал паказваў фінал Australian Open, дзе гуляла беларуская тэнісістка Арына Сабаленка.
Дарэчы, трансляцыя вялася з каментаваннем на беларускай мове.
Сам матч у чацвер завяршыўся перамогай беларускай каманды. «Нёман» абыграў «Вадуц» з лікам 2:1. Сустрэча ў адказ пройдзе праз тыдзень на нейтральным полі без гледачоў.