У Польшчы абавяжуць кіроўцаў-замежнікаў здаваць экзамен па польскай мове 

Улады Польшчы абавяжуць замежных кіроўцаў мець сертыфікат аб валоданні польскай мовай. Гэта закране і беларусаў, якіх шмат працуе ў гэтай сферы ў Польшчы.

14.07.2023 / 11:09

Адпаведная папраўка ўнесена ў праект закона аб унясенні змяненняў у шэраг законаў, як піша агенцтва «Прайм».

Згодна з папраўкай, якую хутка павінна разгледзець профільная камісія сената Польшчы, кожны кіроўца, які выконвае аўтамабільныя перавозкі (пасажырскія, грузавыя, міжнародныя), павінен мець сертыфікат аб валоданні польскай мовай на ўзроўні як мінімум А2.

Па даных арганізацыі «Польскі транспарт і лагістыка», у польскіх кампаніях на міжнародных аўтамабільных грузавых перавозках занятыя каля 160 тысяч кіроўцаў — у асноўным з Украіны і Беларусі.

Экзамены на веданне польскай мовы прымае спецыяльная дзяржаўная камісія. Ад моманту запісу на экзамен да моманту атрымання сертыфіката звычайна праходзіць паўгода і больш.

Nashaniva.com