У Расіі прынялі закон аб забароне змены пола

Расійская Дзярждума закон аб забароне змены полу прыняла аднагалосна.

14.07.2023 / 11:17

За забарону прагаласавалі ўсе 386 прысутных дэпутатаў, піша «Коммерсант».

Прыняты закон уводзіць забарону на хірургічнае ўмяшанне і гарманальную тэрапію. Таксама забараняецца змяняць пол у дакументах. Выключэннем стане толькі медыцынскае ўмяшанне, звязанае з лячэннем прыроджаных анамалій. Грамадзянам, якія ўжо змянілі пол, будзе забаронена ўсынаўляць дзяцей, а іх шлюб будзе ануляваны. Таксама трансгендары не змогуць быць іх апекунамі або папячыцелямі.

Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін раней заяўляў, што аўтары дакумента такім чынам хочуць зберагчы краіну ад «д'ябальскай палітыкі» ЗША, дзе «прапагандуюцца гэтыя новыя псеўдакаштоўнасці», колькасць трансгендараў сярод падлеткаў «ужо ў тры разы больш», чым сярод дарослых, а колькасць дзяцей, якія атрымліваюць гарманальную тэрапію, «вырасла за пяць гадоў больш чым у два разы».

Крыніцы «Коммерсанта» у Дзярждуме казалі, што законапраект распрацавалі з-за частых выпадкаў прадастаўлення даведак аб змене полу ухілістамі ад войска. Па дадзеных МУС Расіі, якія прыводзяцца ў тэксце ініцыятывы, з 2016 па 2022 год за заменай пашпарта грамадзяніна РФ па падставе «змена полу» звярнулася 2990 чалавек, у 2016 годзе такіх было толькі 142, а ў 2022 годзе — 996.

Nashaniva.com