Выраслі цэны на навучанне ва ўніверсітэтах. Колькі давядзецца плаціць?

Кошт платнага навучання ў 2023/2024 навучальным годзе назвалі ў БДУІР, Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

14.07.2023 / 11:30

Як пішуць «Мінск-Новості» на сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі сказана, што з 1 верасня гадавое навучанне, напрыклад, на першым і другім курсе факультэта камп'ютарных сістэм і сетак па ўсіх спецыяльнасцях для дзённай формы атрымання адукацыі будзе каштаваць 4 590 рублёў. Столькі ж спатрэбіцца ўнесці за першакурсніка факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання, інжынерна-эканамічнага факультэта. У выпадку завочнай формы атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях кошт складзе ад 1 588 рублёў (1-2 курсы) да 1 262 рублёў (5 курс).

Цэны на навучанне выраслі да 7% у залежнасці ад спецыяльнасці, курсу і формы атрымання вышэйшай адукацыі. Змена расцэнак, як тлумачыцца, абумоўлена выдаткамі на камунальныя паслугі, энерганосьбіты, утрыманне будынкаў, падтрыманне ўзроўню зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу. Разам з тым студэнты, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай працы, могуць разлічваць на зніжку на аплату навучання. Дзейнічае і сістэма індывідуальных графікаў плацяжоў.

У БДМУ платнае навучанне на спецыяльнасці «лячэбная справа» або «педыятрыя» будзе каштаваць 4 430 рублёў, на «стаматалогіі» — 5 182 рублі, на «медыка-прафілактычнай справе» — 4 064 рублі. На «фармацыі» дзённай формы падрыхтоўкі сума складзе 4 430 рублёў, завочнай — 1 770 рублёў. Адзначана, што пры сярэднім бале паспяховасці студэнта 7,46-8,25 прадугледжана зніжка на навучанне ў 20%, пры бале 8,25-9 — 40%, пры бале вышэй за 9 — 60%.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце таксама змянілі кошт платнага навучання з верасня. На дзённай форме навучання на факультэтах англійскай мовы, нямецкай мовы, раманскіх моў, перакладчыцкім факультэце і факультэце кітайскай мовы і культуры студэнтам першага і другога курсаў спатрэбіцца заплаціць 3 948 рублёў, трэцякурснікам — 3 916 рублёў, на чацвёртым курсе — 3 830 рублёў, пятым — 3 098 рублёў.

Для факультэта міжкультурных камунікацый расцэнкі аналагічныя за выключэннем пятага курса, для якога патрэбная сума меншая і роўная 1 580 рублям. Для завочнай формы навучанне з першага па чацвёрты курс абыдзецца ў 1 454 рубля за год, для пятага — 1 274 рубля.

Nashaniva.com