Прыгожын начаваў у лагеры пад Асіповічамі? Яго сфатаграфавалі ў адных трусах — «Беларускі Гаюн»
Сёння раніцай у праваенных расійскіх тэлеграм-каналах з'явілася фота чалавека, падобнага да Яўгена Прыгожына, які сядзіць у ніжняй бялізне на ложку ў намёце. Канал, які першым апублікаваў гэтую фатаграфію ў 11:52, спачатку напісаў, што гэта фота з'явілася ў адным з чатаў і «ў метаданых арыгінальнага фота дата здымкі — 12 чэрвеня 7:24 раніцы». Аднак пазней допіс быў адрэдагаваны і чэрвень заменены на ліпень.
14.07.2023 / 14:27
Калі гэта фота сапраўды было зроблена 12 ліпеня ў 7:24, то ў такім выпадку Яўген Прыгожын сапраўды быў у лагеры пад Асіповічамі, а дакладней, ён там начаваў, як піша «Беларускі Гаюн».
11 ліпеня «Беларускі Гаюн» пісаў, што борт Яўгена Прыгожына трэці раз прыляцеў у Беларусь. Ён прызямліўся ў Мачулішчах у 19:40. У 20:05 з аэрадрома Мачулішчы ў раён Асіповічаў паляцелі два верталёты: Мі-24 і Мі-8 ВПС Рэспублікі Беларусь.
На наступны дзень, 12 ліпеня, у раён Асіповічаў з Мачулішчаў зноў лёталі верталёты Мі-24 і Мі-8 ВПС Беларусі, якія вярнуліся ў Мачулішчы ў 14:27 і 14:30. І галоўнае, праз 2 гадзіны і 20 хвілін з Мачулішчаў у РФ, а дакладней, у Санкт-Пецярбург, паляцеў борт Прыгожына.
Іншымі словамі, калі фота сапраўды было зроблена 12.07 у 7:24, то гэта цалкам пацвярджае, што Яўген Прыгожын прыляцеў у Мачулішчы ўвечары 11 ліпеня, на верталёце быў дастаўлены ў намётавы лагер у в. Цэль, там пераначаваў і паляцеў з Мачулішчаў на наступны дзень.
На іншых фота з намётавага лагера пад Асіповічамі таксама падлога пакрыта ДСП, у намётах квадратныя вокны з крыжападобнай перамычкай і палаткі белага колеру.
Чытайце таксама:
«Дык ПВК «Вагнер» не існуе! Проста не існуе!» Пуцін распавёў, пра што размаўляў з Прыгожыным