Пяскоў: Пытанне аб статусе ПВК «Вагнер» будзе разглядацца

Пытанне аб статусе прыватных вайсковых кампаній будзе разглядацца, але пакуль што ПВК «Вагнер» як юрыдычная асоба «не існуе і не існавала», заявіў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў. Ён дадаў, што «складанае пытанне аб юрыдычным статусе павінна быць вывучана», піша Бі-бі-сі.

14.07.2023 / 15:01

AP Photo

Фактычна прэс-сакратар прэзідэнта паўтарыў словы Уладзіміра Пуціна, які напярэдадні ўпершыню пракаментаваў сустрэчу з Яўгенам Прыгожыным і наймітамі ягонага ПВК «Вагнер», якая адбылася ў Крамлі праз пяць дзён пасля ўчыненага імі бунту.

«Ну так ПВК «Вагнер» не існуе! У нас жа няма закона аб прыватных вайсковых арганізацыях! Проста не існуе!»— заявіў Уладзімір Пуцін. Затым ён абмовіўся: «Група ёсць, але юрыдычна не існуе».

Такім чынам ён прызнаў, што ПВК «Вагнер» усе гэтыя гады была па-за законам, бо ў Расіі з юрыдычнага пункту гледжання не могуць існаваць прыватныя ваенныя кампаніі.

Пры гэтым раней Пуцін распавёў, што ўтрыманне наймітаў, сувязь з якім Крэмль апошнія гады адмаўляў, «цалкам забяспечвалася дзяржавай».

«З Міністэрства абароны, з дзяржаўнага бюджэту, мы цалкам фінансавалі гэтую групу», — заявіў прэзідэнт.

Па версіі Пуціна «Вагнер» атрымаў ад дзяржавы з мая 2022 года па май 2023 года каля 86 млрд расійскіх рублёў на зарплату і стымулюючыя выплаты, плюс каля 110 млрд на страхавыя выплаты, па-відаць, параненым і сем'ям загінулых.

Чытайце таксама:

«Дык ПВК «Вагнер» не існуе! Проста не існуе!» Пуцін распавёў, пра што размаўляў з Прыгожыным

Nashaniva.com