Амерыканская кампанія пачала пастаўляць кліентам сотні тысяч бясплатных тэлевізараў. Але ёсць нюанс

Кампанія Telly пачала масава рассылаць кліентам 55-цалевыя «разумныя» тэлевізары, за якія не трэба плаціць ні капейкі грошай. Як піша выданне The Verge, такой шчодрасці існуе выразнае тлумачэнне — у гэтых прыладах ідзе бясконцая і неадключальная рэклама.

15.07.2023 / 19:14

Бясплатны «разумны» 55-цалевы тэлевізар з бясконцай і неадключальнай рэкламай ад кампаніі Telly. Фота: Telly

Рэклама гэтая не замінае прагляду тэлеперадач і іншага кантэнту, бо для яе прадугледжаны дадатковы і ўбудаваны ніжні экран тэлевізара. Менавіта паказ бясконцай рэкламы ў сукупнасці са згодай карыстальнікаў даваць вялізны масіў канфідэнцыйных даных для рэкламадаўцаў будзе цалкам акупляць кошт прылады.

Усяго плануецца паставіць тэлевізары 500 тысячам кліентаў да канца 2023 года, пасля гэтага колькасць пастаўленых прылад павінна будзе вылічацца «мільёнамі».

«Нягледзячы на ​​бясконцую і неадключальную рэкламу, у нашым спісе чакання ўжо зарэгістраваліся 500 тысяч кліентаў, у наступным годзе плануем паставіць ужо мільёны прылад. Мала таго, што гэта самы разумны тэлевізар з калі-небудзь створаных, дык гэта яшчэ і беспрэцэдэнтны эксперымент па масавым аналізе эфектыўнасці рэкламы і пераваг карыстальнікаў. І ўсё гэта бясплатна», — заявіў генеральны дырэктар і заснавальнік Telly Ілля Позін.

Ён дадаў, што яго «разбуральная» бізнэс-мадэль зробіць рэвалюцыю ў тэлевізійнай галіне, а сама прылада ужо інтэграваная з многімі сэрвісамі стрымінгу фільмаў, музыкі і гэтак далей. 

На думку Позіна, любыя тэлевізары ў будучыні павінны быць цалкам бясплатнымі, а плаціць трэба толькі за спажываны кантэнт.

Чытайце таксама:

У мінскім кафэ з’явіўся першы робат-афіцыянт. Але чалавеку ён саступае

У ЗША прыбіральнік выпадкова знішчыў 25 гадоў навуковай працы. Яму пагражае велізарны штраф

У Японіі амаль стварылі лекі, якія дазваляюць адрошчваць адсутныя зубы

Марк Рыхтэр