За суткі ў лесе згубіліся дзве жанчыны. Адну знайшлі, другую — не
Цікава, што абедзве жанчыны — равесніцы, яны 1949 года нараджэння.
15.07.2023 / 14:16
Фота: «Наша Ніва»
14 ліпеня ў 10:06 ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лесе каля в. Навасёлкі Старадарожскага раёна знікла 74-гадовая жанчына.
Для пошукавых работ былі задзейнічаны восем адзінак тэхнікі і 33 чалавекі, з іх сем адзінак тэхнікі і 24 работнікі з МНС. Жанчыну пакуль не знайшлі, супрацоўнікамі РАУС праводзяцца следчыя мерапрыемствы, піша БелТА.
У гэты ж дзень у 15:02 стала вядома, што ў лесе каля в. Доўгае знікла яшчэ адна 74-гадовая жанчына.
Для пошукавых работ былі задзейнічаны дзевяць адзінак тэхнікі і 15 чалавек, з іх шэсць адзінак тэхнікі і 10 работнікаў з МНС. У 18:35 жанчына выйшла з лесу самастойна, у медыцынскай дапамозе яна патрэбы не мела.