«Мой боль — адсутнасць вішнёвага піражка». Беларусы распрабавалі, чым адрозніваюцца «Макдональдсы» ў розных краінах

У лістападзе мінулага года «Макдональдс» «сышоў» з Беларусі. Цяпер яго месца заняла сетка Mak.by. А выданню CityDog.io стала цікава, як беларусы, якія жывуць у розных краінах, ацэньваюць мясцовыя рэстараны папулярнай сеткі і якія культурныя асаблівасці там ёсць.

15.07.2023 / 23:40

Фота: vecteezy.com

ЗША: адзін з найгоршых «Макдональдсаў» у свеце

Глеб, 21 год, студэнт:

«Калі ў нас у Беларусі «Макдональдс» лічыцца чымсьці гурманскім, то ў ЗША ўсё наадварот. Гэта самы танны і нясмачны фастфуд з усіх, якія там ёсць. Мясцовыя наогул ніколі не ходзяць. Яны хутчэй пойдуць у Chick Fil A, Cane's або In-n-out — больш годныя і прыстойныя ўстановы.

У амерыканскім «Макдональдс» ёсць свая фішка — закрывацца каля дзявятай вечара. Акенца drive through працуе крыху даўжэй — да дзясятай вечара. І тут цябе наогул не абслужаць, калі ты ў позні час захочаш замовіць праз гэты сэрвіс без машыны. Цябе, хутчэй за ўсё, проста пашлюць: тут вельмі распаўсюджаная злачыннасць, і менеджары асцерагаюцца за бяспеку сваіх работнікаў у цёмны час сутак. «Мак» асабліва старанна прытрымліваецца гэтага правіла, таму што кантынгент, які сюды ходзіць, вельмі спрэчны. Звычайна тут ядуць людзі з нізкім узроўнем даходу або нават бяздомныя.

Што тычыцца ежы ў амерыканскім» Макдональдсе», то нічога асаблівага ў ёй няма: булка сухая, а на бульбе звычайна занадта шмат солі. У меню няма практычна ніякіх цікавых пазіцый, як у нас. На мой погляд, у Беларусі нашмат большы выбар, ёсць нейкія цікавыя варыянты: напрыклад, розныя смакі піражкоў ці ліманадаў. У ЗША ж «Макдональдс» абсалютна стандартны і нясмачны».

Францыя: хрумсткі хлеб замест звыклых булак у бургеры

Кірыл, 28 гадоў, айцішнік:

«Памятаю, калі ўпершыню пабываў у французскім «Макдональдсе», то адразу ў вочы кінуліся адрозненні мясцовых бургераў ад беларускіх. Тут ёсць і звыклыя нам бургеры з класічнай булачкай, але значна смачнейшы той, які зроблены з чыябаты.

Склад у такім бургеры зусім звычайны: усярэдзіне стэйк і кетчуп. Але французская выпечка робіць усё нашмат смачнейшым. У Беларусі не памятаю, каб рабілі нешта падобнае.

Цана, у прынцыпе, стандартная: нешта каля двух еўра за бургер. Акрамя гэтага, ніякіх адрозненняў ад нашага «мака» не заўважыў».

Польшча: няма сырнага соуса і вішнёвага піражка

Юля, 21 год, студэнтка:

«Мой боль у польскім «маку» — адсутнасць сырнага соуса і вішнёвага піражка. У Мінску ўвесь час брала іх, а ў Польшчы такой опцыі проста няма.

Затое ў польскім «Макдональдсе» ў халодны перыяд заўсёды з'яўляюцца асаблівыя бургеры. Называюцца яны drwal. Яны складаюцца з булачкі з сырам зверху, катлеты з сыру і журавінавага соуса. Усё разам гэта страшэнна смачна. Не памятаю, каб у беларускім «маку» рабілі нешта падобнае.

З нацыянальных асаблівасцяў у меню заўважыла бургер з радыскай, руколай і нейкім узбітым сырам. Выглядае супер па-польску, на мой погляд. Чамусьці думаю, што калі б падобны бургер выпусцілі ў Беларусі, то ён бы наогул не карыстаўся папулярнасцю, а тут бяруць.

Не ведаю, як у іншых краінах Еўропы, але ў польскім «Макдональдсе» ёсць смятанны соус. На смак ён чымсьці нагадвае сметанковую пасту».

Кіпр: дарагія сухія салаты і пастаянны ажыятаж на марозіва

Аляксей, 25 гадоў, вэб-дызайнер:

«Кіпр у прынцыпе оверпрайснутае месца проста пасярод Міжземнага мора. Мясцовы «Макдональдс» цалкам сабе добра адпавядае гэтаму статусу. Там рэальна ўсё было вельмі дорага: нейкі тыповы набор з бургера, бульбы і колы каштаваў дзесьці ў раёне дзевяці еўра, што, на мой погляд, занадта пераацэнена.

На смак усё было звычайным, а з прапаноў таксама нічога асаблівага не было. Адзінае, на выбар было вельмі шмат салатаў. Праўда, усе яны былі жудасна сухімі і нясмачнымі. Ад салаты там літаральна адно слова: накідалі зеляніны і памідораў.

Было яшчэ шмат рыбных катлет, але я не ведаю, усюды так ці толькі на Кіпры. Звярнуў увагу, што чамусьці ніколі не было «Макфлуры». Ён быў даступны па меню, але купіць яго было немагчыма. Можа быць, яго хутка раскуплялі, таму што ўвесь час вельмі горача, але я не ўпэўнены.

Чытайце таксама:

Барсетка з пачка ад чыпсаў і касметычка з пластыкавых пакетаў: як мінчук стварыў экалагічны стрытстайл-брэнд

«Кіраўнік. Харчуюся ў офісе». Як айцішнікі трацяць мізэр — і на што збіраюць

Nashaniva.com