Украінскія войскі вызвалілі сяло Старамаёрскае Данецкай вобласці. Вось што гэта значыць

Пра вызваленне сяла Старамаёрскае Данецкай вобласці паведамілі некалькі расійскіх ваенкараў. Афіцыйнай інфармацыі УСУ пра гэта яшчэ не было.

16.07.2023 / 12:06

Баі пад Старамаёрскім ішлі каля месяца. Сяло знаходзіцца ў даліне рэчкі Мокрыя Ялы. Суседні Раўнопаль быў вызвалены 26 чэрвеня, Макараўка — у сярэдзіне чэрвеня.

Пасля пакідання Старамаёрскага расіяне не здольныя будуць утрымаць суседняе Уражайнае на іншым беразе рэчкі.

З заняццем гэтых вёсак украінская армія заканчвае зразанне так званага Урэмеўскага выступу і выходзіць на першыя рубяжы «лініі Суравікіна» пад Старамлынаўкай.

За паўтара месяца ўкраінскай арміі ўдалося прасунуцца ў гэтым раёне на 5-15 кіламетраў.

Васіль Гарбацюк