У Дзярждуме Расіі заявілі, што ПВК «Вагнер» патрэбная ў Беларусі для будучага захопу Сувалкскага калідора
Кіраўнік камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Андрэй Картаполаў у эфіры расійскага тэлебачання раскрыў мэты адпраўкі «вагнераўцаў» у Беларусь.
16.07.2023 / 16:12
Байцы ПВК «Вагнер». Фота: Anadolu / Getty Images
Руская служба выдання Bild 16 чэрвеня прывяла словы кіраўніка камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэя Картаполава пра перакідку «вагнераўцаў» у Беларусь, якія той агучыў у эфіры расійскага тэлебачання.
Па словах Картаполава, ПВК «Вагнер» патрэбная ў Беларусі «не столькі для навучання беларускай арміі», а для будучага захопу Сувалкскага калідора.
«Яны там не столькі для навучання беларускіх Узброеных сіл. Ёсць такі Сувалкскі калідор, які ў выпадку чаго нам будзе вельмі патрэбны. Таму «вагнераўцы» складуць у Беларусі гатовы ўдарны кулак, які захопіць гэты няшчасны калідор у лічаныя гадзіны», — прыводзіць Bild словы Андрэя Картаполава, сказаныя на расійскім тэлебачанні.
Нагадаем, што Сувалкскі калідор — гэта 70-кіламетровы адрэзак тэрыторыі паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі, які знаходзіцца на польска-літоўскай мяжы. Яго захоп можа цалкам перакрыць сухапутны доступ да краін Балтыі з боку астатняй Еўропы і саюзнікаў па НАТА.
Як нядаўна стала вядома, першыя атрады вагнераўцаў сапраўды прыехалі ў Беларусь і ўжо засвяціліся ў лукашэнкаўскай прапагандзе.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Польшчы заявіў, што Беларусь можа сканцэнтраваць мігрантаў у раёне Сувалкскага калідора
Суседзі Беларусі сочаць за сітуацыяй з прыбыццём вагнераўцаў, але ўзроўню гатоўнасці не павышаюць
Украіна за 10 дзён уладкавала на мяжы з Беларуссю 30 мінных палёў