У Гарадку абмяркоўваюць назву сквера, дзе стаіць скульптура героя паэмы «Тарас на Парнасе». Прапановы — па-беларуску

Абмеркаванне абвешчана на сайце Гарадоцкага райвыканкама. Удзельнікі могуць альбо прапанаваць уласную назву, альбо падтрымаць адну з ідэяў масцовых уладаў: зрабіць выбар паміж варыянтамі «Літаратурны сквер», «Літаратурная альтанка», «Ля Парнаса», «Вераніцынскі парк», «Парк ХХХ Дня беларускага пісьменства».

17.07.2023 / 10:05

Сквер Гарадка. Фота: інстаграм «Городокский район. Официально»

З нагоды апошняй падзеі і праводзіцца абмеркаванне, як назваць безназоўны пакуль што сквер уздоўж вуліцы Савецкай.

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў першую нядзелю верасня. Сёлета фэст прымае Гарадок — радзіма Канстанціна Вераніцына (нарадзіўся ў 1834 г. у вёсцы Астраўляны Віцебскага павета, цяпер гэта Гарадоцкі раён), аўтара сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе», помніка беларускай літаратуры ХІХ ст. Цікава, што пра славутага земляка і ягоны знакаміты твор у Гарадку згадваюць хіба напярэдадні вялікіх імпрэзаў. Назву сквера вырашылі надаць з нагоды Дня беларускага пісьменства, а скульптурная кампазіцыя «Тарас на Парнасе» была адкрыта ў райцэнтры падчас «Дажынак» у 2014 г.

Яна ўяўляе сабой выяву раскрытай кнігі на валуне і ўласна скульптурную фігуру вясёлага палясоўшчыка, якую ў Гарадку называюць «помнікам Тарасу».

Прыгоды Тараса, апісаныя Канстанцінам Вераніцыным, мелі не менш захапляльны працяг і ў нашы часы.

«Помнік Тарасу» прастаяў усяго два месяцы, а потым знік са свайго месца. Як высветлілася, мясцовыя ўлады не разлічыліся за працу ні з аўтарамі (віцебскімі скульптарамі Іванам Казаком і Сяргеем Сотнікавым), ні з вырабніком (ААТ «Ліцейны двор»). Мастацкі твор зноў апынуўся на складзе прадпрыемства, бо райвыканкам палічыў цэны на яго завышанымі. Пытанне вырашылася дзякуючы спонсару — расійскаму прадпрымальніку.

Сёлета да Дня беларускага пісьменства ў скверы, назву якому цяпер абмяркоўваюць, анансавана з'яўленне яшчэ некалькіх скульптур — тут чакаюць на практыку студэнтаў Акадэміі мастацтваў, якія будуць выразаць з камня фігуры герояў сюжэта паэмы «Тарас на Парнасе».

Падчас планавання праграмы фэсту вялася размова і пра ўстаноўку помніка Канстанціну Вераніцыну, але ўлады далі задні ход.

Маўляў, не захавалася фотаздымкаў Канстанціна Вераніцына, толькі малюнак невядомага аўтара. Таму помніка аўтару паэмы не будзе, затое з'явіцца памятны знак у гонар юбілейнага Дня беларускага пісьменства.

 

Nashaniva.com