«Беларусь спрабуюць знішчыць і растаптаць» — жонка Бяляцкага 

Фестываль Гэрэнхімзээ, традыцыя якога налічвае 20 гадоў, збірае нямецкую і еўрапейскую творчую і палітычную эліту. Гэта фестываль еўрапейскай класічнай музыкі ў гістарычным палацы каралёў Баварыі на возеры Хімзээ, дзе калісьці стваралася Федэратыўная Рэспубліка Нямеччыны, піша «Свабода». 

17.07.2023 / 11:36

 Наталля Пінчук. Фота: «Свабода»

Апякун фэстывалю — галава каралеўскага дому Франц герцаг Баварскі; мастацкі дырэктар — знакаміты амэрыканскі дырыгент Кент Нагана.

Знакавыя словы сёлетняга фэстывалю трывожныя — «Сусьветны рокат».

Канцэпцыя маэстра Нагана — канцэрты складаюцца ў эўрапейскую культурную і палітычную пэрспэктыву, а таму ідэя музычнага выказваньня зьвязаная з каштоўнасьцямі свабоды і дэмакратыі. І таму фэстываль адкрывае праграмная прамова эўрапейскага сьпікера высокага ўзроўню.

Такой прамоўцай сёлета стала Натальля Пінчук, жонка зьняволенага Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. У паўгадзіннай прамове яна расказала высокім гасьцям пра Беларусь і беларускі народ, яго месца ў Эўропе і прагу да свабоды.

«Inter arma silent Musae, калі гаворыць зброя, маўчаць Музы — гэта перафразаваны выраз Цыцэрона, сам ён казаў пра законы.

Але на нашым кантынэнце зноў разьвязаная крывавая вайна, бачная і нябачная, і менавіта таму і міжнароднае права мусіць узвысіць свой голас, і музы павінны не маўчаць, а заклікаць памятаць, дзеля чаго мае жыць чалавек.

А вайна грыміць зусім недалёка. Упэўнена, што ўсе прысутныя тут душой адчуваюць, як важна спыніць агрэсію Расеі супраць свабодалюбнай Украіны і ўвогуле спыніць ненажэрныя дыктатуры. Іначай такія сьвяты стануць немагчымымі», — заявіла Пінчук.

«Мой зьняволены муж Алесь Бяляцкі — праваабаронца, але як навуковец ён літаратуразнаўца. А я гісторык культуры. У мірны час мы б тут паразважалі пра культурную лучнасьць. Скажам, пра тое, што ў творчасьці Людвіга ван Бэтховэна былі беларускія народныя матывы. Іх мы, беларусы, выразна чуем у 9-й сымфоніі Бэтховэна. Адкуль яны?

Ноты кампазытар атрымаў у падарунак ад расейскага амбасадара пад назвай «Песни Северо-Западного края». Так, «Паўночна-Заходнім краем» называлася Беларусь у XIX стагодзьдзі пад акупацыяй Расейскай імпэрыі, каб і намёку не было на тое, што гэта асобная краіна і адметны народ.

А сёньня ад імя Беларусі спрабуе выступаць прарасейскі дыктатар Аляксандар Лукашэнка, які безальтэрнатыўна пануе ўжо 29 гадоў. Гэта ён дае згоду на расейскую ядзерную зброю ў Беларусі і гэта ён фармальна запрашае расейскіх вайскоўцаў. Ён нясе адказнасьць за тое, што зь беларускай тэрыторыі ляцелі расейскія бамбавікі і ракеты, якія зьнішчалі мірныя ўкраінскія гарады.

Але ёсьць іншая Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць эўрапейскі выбар. Той народ, які зьдзівіў сьвет у 2020 годзе, калі мільёны беларусаў прынялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсыфікаваных выбараў.

Сёньня гэтую свабодную Беларусь спрабуюць зьнішчыць і растаптаць», — сказала жонка палітзьняволенага Бяляцкага.

Nashaniva.com