Улады адсочваюць тых, хто робіць апастыль на дакументы?
Вядома пра выпадак, калі інфармацыю пра людзей і іх сваякоў, якія падалі дакументы на апастыль, даслалі на працу.
17.07.2023 / 18:48
«Наша Ніва» даведалася прынамсі пра адзін выпадак, калі ў дзяржаўную ўстанову спусцілі спіс людзей, якія падавалі дакументы на атрыманне апастыля. Выглядае, што інфармацыю даводзяць не толькі пра самога супрацоўніка, але і пра сямейнікаў.
Чытач прызнаецца, што для яго было вялікім шокам, калі начальства паклікала на размову, якая тычылася планаў яго паўналетняга дзіцяці.
«Выклікалі, пачалі распытваць, чым займаецца маё дзіця, навошта зрабіла апастыль, чаму і ў якую краіну збіраецца ехаць», — кажа суразмоўца.
Па словах чытача, калі той адказаў, што дзіця неўзабаве плануе пераезд у Польшчу, то пытанняў стала яшчэ больш.
«Пачалі цікавіцца, ці ёсць у яго ці кагосьці іншага з нашай сям'і карта паляка, чаму не сядзіцца на радзіме і г. д. Параілі паразмаўляць з дзіцём, каб той не нарабіў дурасцяў. Уся гэтая размова выглядала вельмі дзіўна», — прызнаецца суразмоўца.
Пачынаюць ціснуць нават з-за родзічаў. Новы ўзровень у барацьбе з уладальнікамі карты паляка?