У лагер пад Асіповічамі прыбылі ўжо каля 100 адзінак вайсковай тэхнікі

Больш за 100 адзінак тэхнікі ПВК «Вагнер» прыбылі ў лагер пад Асіповічамі, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

17.07.2023 / 22:17

Выданне The New York Times атрымала спадарожнікавыя здымкі намётавага лагера каля вёскі Цэль, зробленыя 17 ліпеня кампаніяй Planet. Відаць, што калона аўтамабіляў наймітаў Прыгожына, якая раніцай была заўважаная на трасе М5 у напрамку Асіповічаў, як і меркавалася, прыбыла ў вайсковы палявы лагер у Цэлі.

Амерыканскае выданне піша, што гэта найбуйнейшае публічнае з'яўленне ПВК з моманту яе няўдалага паўстання ў Расеі ў мінулым месяцы.

Акрамя фатаграфіі калоны ўжо ў лагеры, удалося засняць і іх з'езд з трасы М5 у бок вёскі Цэль. Журналісты паведамляюць, што гэты здымак быў зроблены ў 11:12.

Паводле наяўнай інфармацыі на гэты момант, усё сведчыць пра тое, што гэта не апошняя калона ПВК «Вагнер», якая прыбудзе ў Беларусь.

Чытайце таксама:

У Беларусь прыбыла трэцяя калона ПВК «Вагнер» — «Беларускі Гаюн»

З'яўленне «вагнераўцаў» у лагеры пад Асіповічамі трапіла на спадарожнікавыя здымкі — медыя

У Дзярждуме Расіі заявілі, што ПВК «Вагнер» патрэбная ў Беларусі для будучага захопу Сувалкскага калідора

Nashaniva.com