Пасол Турцыі падзякаваў Лукашэнку і парламенту за падтрымку падчас спробы перавароту ў 2016 годзе

Турцыя на днях адзначыла Дзень дэмакратыі і нацыянальнага адзінства — 7-ю гадавіну няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту. Гэты факт адзначыў амбасадар Турцыі ў Беларусі Мустафа Озджан на мерапрыемстве ў Мінску, піша БелТА.

19.07.2023 / 07:32

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота Paul Ellis Pool Getty Images

«Такія краіны, як Беларусь, сяброўствам з якімі мы ганарымся, добра ведаючы, што з сябе на самой справе ўяўляе FETO [арганізацыя прыхільнікаў апазіцыйнага дзеяча Фетхулы Гюлена — «НН»], з першых імгненняў спробы перавароту аказалі нашай краіне моцную падтрымку, прадэманстравалі, што не на словах, а на справе з'яўляюцца нашымі сябрамі. У гэтым кантэксце ад імя маёй краіны і ад імя нашага паважанага прэзідэнта я выказваю падзяку паважанаму спадару Лукашэнку і парламенту Беларусі».

***

Увечары 15 ліпеня і ноччу 16 ліпеня ў Турцыі адбыліся падзеі, калі частка турэцкіх вайскоўцаў распачала спробу здзейсніць ваенны пераварот у краіне, узяўшы пад свой кантроль шэраг стратэгічна важных аб'ектаў. Лічыцца, што матывам дзеянняў вайскоўцаў была незадаволенасць узмацненнем асабістай улады Эрдагана і праводзімай ім палітыкі ісламізацыі. Турэцкая армія гістарычна лічылася галоўнай апорай свецкага характару дзяржавы.

Захапіць прэзідэнта, які праводзіў у гэты час сдпачынак на міжземнаморскім курорце Мармарысе, змоўшчыкам не ўдалося. Ён прыляцеў у Стамбул і таксама звярнуўся да нацыі па тэлебачанні. На вуліцы гарадоў выйшлі яго прыхільнікі, якія ўступілі ў канфрантацыю з вайскоўцамі.

Самалёты F-16 з базы ў Акінджы тройчы абстралялі будынак парламента, а таксама дарогу каля прэзідэнцкага палаца і штаб-кватэры спецназа і паліцыі Анкары. У выніку гэтых удараў загінулі 68 чалавек і больш за 200 былі параненыя.

На наступны дзень мяцежныя вайскоўцы капітулявалі.

Пасля перавароту прэзідэнт Эрдаган правёў у краіне масавую чыстку. Былі звольненыя каля 100 тыс. дзяржаўных служачых, выкладчыкаў і суддзяў, звыш 2,5 тысячы чалавек прысуджаныя да пажыццёвага зняволення.

Nashaniva.com