«Чакалі, што актывізуюцца расійскія інвестары, але Мінск ім не патрэбны». Што адбываецца на рынку офісаў

У эксплуатацыю ўвялі некалькі новых будынкаў, арандатары пераязджаюць у больш кампактныя памяшканні, але цэны істотна не зніжаюцца. Што адбывалася на офісным рынку ў апошнія месяцы, расказвае Office Life.

19.07.2023 / 11:57

Бізнэс-цэнтр «Сухарава». Фота: prometr.by

Што з прапанаваннем?

Прапанаванне на рынку арэндных плошчаў у апошнія паўгода трохі вырасла за кошт уводу ў эксплуатацыю трох офісных аб'ектаў, як кажа выканаўчы дырэктар NAI Belarus Андрэй Алешкін. Гаворка ідзе пра МФК Helen Valery Plaza з відам на вадасховішча Дразды, грамадска-адміністрацыйны цэнтр «Левада» ў аднайменным жылым комплексе, а таксама бізнэс-цэнтр «Сухарава» на вул. Гарэцкага.

У стадыі рэалізацыі з высокай ступенню будаўнічай гатоўнасці знаходзіцца яшчэ шэраг аб'ектаў, якія павінны вывесці на рынак практычна 120 тыс. кв. м арэнднай плошчы. У найбліжэйшыя месяцы (як мяркуецца, да Дня горада ў верасні) павінны ўвесці ў эксплуатацыю МФК G-S PLAZA «Жамчужына». Тады ж могуць адкрыць і МФК на праспекце Пераможцаў у раёне ГЗЦ «Замак» і Цэнтра тэніса.

Удзельнікі рынку чакаюць і хуткага з'яўлення плошчаў МФК «Шантар Хіл» — ён ужо ў высокай стадыі будаўнічай гатоўнасці.

МФК на праспекце Пераможцаў. Фота: realt.by

А што з попытам?

Попыт на офісным рынку ў першыя шэсць месяцаў года практычна цалкам насіў ратацыйны характар.

Часцей за ўсё арандатары пераязджалі ў больш кампактныя памяшканні, таму попыт фактычна на 100% пераключыўся на невялікія офісы.

Цяпер, як кажа эксперт, запыты на офіс плошчай 1000+ кв. м — падзея на рынку, а яшчэ два гады таму яны былі тыпавымі.

Вялікі попыт на складскія памяшканні пацягнуў за сабой і ажыўленне ў офісным сегменце.

Рынак чакаў, што ў гэтым годзе актывізуюцца расійскія інвестары: праявяць цікавасць або да гатовых офісных будынкаў, або да праектаў у завяршальнай стадыі. Аднак усплёску актыўнасці не адбылося, канстатуе эксперт. Расійскім гульцам не патрэбныя ні вялікія офісы пад уласны бізнэс, ні інвестыцыйныя: унутраны попыт на арэнду падае, а для рэлакейту расійскіх кампаній Мінск з аб'ектыўных прычын не падыходзіць.

Што са стаўкамі?

На рынку ставак асаблівых змяненняў у параўнанні з канцом 2022 года не адбылося.

Рынак адаптаваўся да рубля, але «цень» еўра ўсё роўна захоўваецца: у працэсе перамоў па арэндзе на пачатковай стадыі стартавую стаўку зазвычай усё роўна вызначаюць у больш звыклым еўра. Гэта задавальняе як арэндадаўцаў, так і арандатараў, прызнаецца эксперт.

Нягледзячы на тое, што сёлета курс рубля да еўра мяняўся даволі дынамічна, казаць пра сур'ёзнае зніжэнне цэн у рублях у параўнанні з еўра не прыходзіцца.

Ці шмат свабодных плошчаў?

Узровень вакантнасці ў цэлым па рынку з канца мінулага года захоўваецца на высокім узроўні — 18—20% (ці нават вышэй, бо пэўны пласт памяшканняў і не заняты арандатарамі, і не выстаўляецца для арэнды). Гэта нетыповая для сталічнага офіснага рынку апошніх гадоў гісторыя.

Прырост прапанавання за кошт новых плошчаў быў умераным, што некалькі стрымала рэзкі рост вакантнасці. Аднак нават гэтыя 20+ тыс. кв. м новабудоўляў аператыўна не запаўняюцца.

Чаго чакаць далей?

Офісныя аб'екты, якія выйшлі і якія выходзяць на рынак прапанавання, істотна абвостраць канкурэнтную барацьбу за арандатара.

Дэвелаперам новых праектаў будзе няпроста на старце: у іх прапануюцца офісы без аздаблення або з чарнавым аздабленнем, у той час як цяпер у топе попыту памяшканні з добрым аздабленнем, у тым ліку з мэбляй і аргтэхнікай.

Працягнецца рост вакантнасці па меры ўводу новых плошчаў.

Попыт і далей будзе насіць пераважна ратацыйны характар, але магчыма з'яўленне новых груп арандатараў.

Можа павялічыцца колькасць аб'ектаў з адкладзенымі тэрмінамі ўводу.

Nashaniva.com