«Дачка будзе падаваць прашэнне аб памілаванні, яна і так нацярпелася…» — бацькі зняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай
Бацька палітзняволенай журналісткі, асуджанай на доўгі тэрмін, распавёў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад дачкі.
19.07.2023 / 13:24
Ксенія Луцкіна на волі. Фота: сацсеткі
Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. 28 верасня мінулага года Мінскі гарадскі суд асудзіў яе да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
У пачатку года яна захварэла на двухбаковую пнеўманію і змагалася з хваробай амаль увесь люты. Таксама ў Ксеніі дыягнаставалі анкалогію. Цяпер Ксенія знаходзіцца ў гомельскай калоніі №4.
— Дачка па-ранейшаму чакае абследавання, яна, як вядома, стаіць у чарзе на МРТ, — кажа бацька журналісткі Алег Луцкін. — Стан яе здароўя не паляпшаецца, але лекі перадаём.
Тым часам я збіраю неабходныя дакументы, бо дачка будзе падаваць прашэнне аб памілаванні.
— Шмат дакументаў?
— Дастаткова. Па вялікім рахунку, усе паперы я сабраў за два дні, а вось даведку з міліцыі трэба чакаць аж дзесяць рабочых дзён. У гэтым уся затрымка.
Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж у яе такая цяжкая хвароба.
Таму, як толькі з’явілася магчымасць у калоніі напісаць прашэнне, адразу запусцілі гэтую працэдуру. Калі я збяру ўвесь пакет дакументаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калонію. А там ужо сама дачка падасць прашэнне, якое затым павінна быць разгледжана ў адмысловай камісіі аб памілаванні.
Ксенія Луцкіна падчас судовага пасяджэння. Фота: sb.by
Разумею, што працэдура няпростая, магчыма, працяглы час давядзецца чакаць, але ўжо будзе нейкая надзея.
— Сувязь з дачкой пастаянна падтрымліваеце?
— Лісты даходзяць. Таксама тэлефануе па графіку — чатыры разы на месяц. Дазваляецца відэасувязь, таму Ксенія перыядычна бачыць сына і размаўляе з ім. Яна па ім так сумуе! Як і сын па маці…