МАК пазбавіў Вялікабрытанію права правядзення адборачных турніраў на Алімпіяду з-за «дыскрымінацыі» спартсменаў з Беларусі і Расіі

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пазбавіў Лондан права на правядзенне адборачных спаборніцтваў да Алімпійскіх гульняў 2024 года. Падставай стала нязгода МАК з пазіцыяй урада Вялікабрытаніі, які абавязаў беларускіх і расійскіх спартсменаў падпісаць дэкларацыю аб нейтралітэце для ўдзелу. У МАК назвалі гэтае патрабаванне дыскрымінацыйным, піша The Times.

19.07.2023 / 15:53

Алімпійскі парк у Лондане павінен быў прыняць кваліфікацыйныя турніры да Алімпіяды-2024 па брэйк-дансе, скейтбордынгу, спартыўным скалалажанні і веламотакросе. Аднак Выканаўчая рада МАК праінфармавала Брытанскую алімпійскую асацыяцыю, што больш не разглядае Лондан у якасці месца правядзення кваліфікацыйных спаборніцтваў і не вывучае альтэрнатыўных варыянтаў у Еўропе. Які горад прыме турніры замест брытанскай сталіцы, МАК пакуль не абвясціў.

Паводле інфармацыі выдання, такое рашэнне камітэт прыняў у сувязі з патрабаваннем брытанскага ўрада, каб беларускія або расійскія спартсмены, якія жадаюць удзельнічаць у адборах, падпісалі асабістую дэкларацыю аб нейтралітэце. Яны павінны былі заявіць, што не падтрымліваюць вайну ва Украіне і расійскае кіраўніцтва, а таксама адмовіцца ад дзяржаўнага фінансавання.

Па інфармацыі крыніц, МАК звярнуў увагу на тое, што патрабаванне адносна дзяржфінансавання дыскрымінуе малавядомых спартсменаў у не самых папулярных відах спорту, нават калі яны пацвердзяць свой нейтралітэт. Акрамя таго, маўляў, падобныя заявы могуць выклікаць праблемы для атлетаў з Беларусі і Расіі пасля вяртання на радзіму: праз гэта ім там пагражаюць рэпрэсіі.

У МАК падкрэслілі: іх палітыка ў дачыненні да беларускіх і расійскіх спартсменаў заключаецца ў тым, што яны павінны выступаць як нейтральныя ўдзельнікі, не мець сувязяў з Узброенымі сіламі і не рабіць заяў у падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну.

Чытайце таксама:

Беларускіх спартоўцаў могуць не пусціць на Паралімпіяду-2024

Максім Недасекаў распавёў пра смерць трэнера, вайну, сваё матэрыяльнае становішча і асабістае жыццё

Міжнародны алімпійскі камітэт не запросіць Беларусь і Расію на Алімпіяду-2024 ва ўстаноўленую дату 26 ліпеня

Nashaniva.com