Што вядома пра «Піянера», які будзе кіраваць ПВК «Вагнер» у Беларусі

Падчас прамовы на адкрыцці лагера ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі Яўген Прыгожын згадаў найміта Сяргея «Піянера» і сказаў, што гэтага баевіка прызначылі галоўным на беларускім кірунку. Распавядаем, што пра яго вядома.

19.07.2023 / 19:16

Гэта непублічны камандзір ПВК «Вагнер», дакладную асобу якога не раскрывалі раней.

«Піянер» у Беларусі. Скрыншот з відэа ПВК «Вагнер»

Упершыню пра яго згадваюць у 2020 годзе. У снежні 2020-га былы найміт «Вагнера» Марат Габідулін даў інтэрв'ю расійскаму выданню «Медуза». Там ён казаў пра «Піянера»:

«А ў 2018-м і 2019-м я ўжо перастаў знаходзіць тлумачэнні, чаму людзей ставілі на чале таго ці іншага атрада. Камандзіры прызначаліся як быццам па нейкім блаце. Напрыклад, я здзівіўся, калі старэйшым падчас баявой аперацыі ў Гуце стаў «Піянер», які да таго працаваў толькі ў штабе. У цябе ж досведу няма баявога — як ты камандуеш?

Пазней, у 2019 годзе, паступіў загад хуценька адправіць сірыйцаў з нашага атрада «Паляўнічыя на ІДІЛ» у Лівію. Калі яны туды прыбылі, паступіў званок ад «Піянера»: «Слухай, а вось тых, каго вы даслалі, іх можна як смяротнікаў выкарыстоўваць?» Які нармальны чалавек такое спытае! Тым больш пра маіх хлопцаў».

Праз год украінскі партал «Матрыца свабоды» называў яго кіраўніком «Вагнера» ў Лівіі. Сцвярджалася, што «Піянер» пастаянна знаходзіцца на базе Аль Джуфра і шчыльна кантактуе з заснавальнікам «Вагнера» Дзмітрыем Уткіным, вядомым па мянушках «Вагнер» і «Дзявяты».

Апошні раз «Піянер» даў каментар у чэрвені гэта года. Там яго называюць «камандзірам ПВК «Вагнер», удзельнікам баявых дзеянняў ў Сірыў, Цэнтральнай Афрыцы, Судане, Малі і іншых краінах». Там жа сцвярджаецца, што ён кавалер пяці Ордэнаў Мужнасці. Ён сам кажа:

«Аднойчы прысягнуўшы свайму народу і Айчыне, я да гэтага часу гатовы абараняць са зброяй у руках Расію як ад знешніх ворагаў, так і ўнутраных, якія сваё асабістае ставяць вышэй за каштоўнасці грамадзян краіны і дзяржавы ў цэлым».

Такім чынам, імаверна, ён расіянін або прынамсі мае грамадзянства гэтай краіны.

Nashaniva.com