У Гомелі пачаўся суд над прадпрымальнікам, які аказваў дапамогу Украіне

У Гомельскім абласным судзе 20 ліпеня пачаўся суд над мясцовым прадпрымальнікам Юрыем Ташкінавым, якога абвінавачваюць у распальванні варожасці і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (ч.1 арт. 130 і арт. 361-2 КК).

20.07.2023 / 14:57

Судовае пасяджэнне ў закрытым рэжыме праходзіць пад старшынствам суддзі Яўгена Піскунова, піша «Вясна».

Ташкінаў быў рэзідэнтам Гомельскага тэхнапарка. У 2018 годзе ён распрацаваў мабільную праграму для анлайн-пошуку выканаўцаў розных работ і паслуг.

Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну гамяльчук у сацсетках выказваўся супраць вайны і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была акупаваная на пачатку вясны 2022 года.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі пра тое, што гамяльчук пераказваў грошы на дапамогу Украіне праз фонд «Байсол».

Nashaniva.com