Вялікабрытанія зняла санкцыі з расійскага бізнэсмена Алега Цінькова
Вялікабрытанія зняла санкцыі з расійскага буйнога прадпрымальніка Алега Цінькова, вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце брытанскага ўрада. Там гаворыцца, што Цінькоў выдалены са зводнага санкцыйнага спіса, паведамляе BBC.
20.07.2023 / 17:03
Алег Цінькоў
Цінькоў, які знаходзіўся пад санкцыямі ад сакавіка мінулага года, неаднаразова публічна асуджаў расійскае ўварванне ва Украіну, а ў кастрычніку 2022 года ўвогуле адмовіўся ад расійскага грамадзянства.
Раней скасаваць санкцыі супраць Алега Цінькова заклікаў брытанскі бізнэсмен-мільярдэр Рычард Брэнсан, заяўляючы, што Лондан уключыў Цінькова ў санкцыйны спіс памылкова.
Цінькоў стаў другім расійскім бізнэсменам, вызваленым ад брытанскіх санкцый. 6 ліпеня Вялікабрытанія скасавала іх у дачыненні да былога намесніка старшыні Сбербанка Льва Хасіса. Як і Цінькоў, ён трапіў у санкцыйны спіс у сакавіку 2022 года. Але пасля пачатку расійскага ўварвання, як паведамлялі СМІ, Хасіс пакінуў Сбербанк і з'ехаў у ЗША.
Скасавання брытанскіх санкцый таксама дамагаліся расійскія мільярдэры Міхаіл Фрыдман і Пётр Авен. Яны жылі ў Вялікабрытаніі, калі пачалася вайна. Але з іх санкцыі пакуль не знятыя, нягледзячы на ініцыятывы расійскіх апазіцыянераў у іх падтрымку.
Чытайце таксама:
Алег Дзерыпаска падаў у суд на Алега Цінькова за абразы. Ён патрабуе 2 мільярды расійскіх рублёў
Расійскі мільярдэр Алег Цінькоў зноў публічна выступіў супраць вайны