«Вясна» стала лаўрэатам прэстыжнай прэміі ААН

Сёння старшыня Генеральнай ансамблеі ААН абвясціў лаўрэатаў прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Сярод больш як 400 намінантаў былі адзначаныя 5 пераможцаў, у тым ліку і беларускі — праваабарончы цэнтр «Вясна».

20.07.2023 / 22:28

Іншымі пераможцамі сталі праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Лусенж, Аманскі Цэнтр даследаванняў у галіне правоў чалавека з Іарданіі, актывіст і грамадскі дзеяч з Уругвая Хуліа Перэйра, глабальная кааліцыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, карэнных народаў, грамадскіх рухаў і мясцовых супольнасцяў за «ўсеагульнае прызнанне права на чыстае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяроддзе».

Цырымонія ўручэння прэміі 2023 года адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў снежні 2023 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню правоў чалавека.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, асуджаны да 10-ці гадоў калоніі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч — да 9-ці, а юрыст арганізацыі Уладзь Лабковіч атрымаў 7 год зняволення.

Чытайце таксама:

«Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі». Прайшоў вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны»

Алесь Бяляцкі працуе ў калоніі на дрэваапрацоўцы

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч упершыню за два гады патэлефанаваў жонцы

Nashaniva.com