Выклалі на лядоўні абрэвіятуру ФСБ, замарозілі ката. Як расійскія спецслужбы псуюць жыццё замежным дыпламатам
МЗС Расіі ўвяло абмежаванні на паездкі брытанскіх дыпламатаў па краіне: цяпер, каб адправіцца за межы 120-кіламетровай «зоны свабоднага перамяшчэння», яны павінны паведаміць МЗС за пяць дзён і паказаць падрабязны план падарожжа.
21.07.2023 / 10:14
Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
Уся гэтая стамляючая валтузня з паперамі будзе адымаць час, але літары Венскай канвенцыі МЗС Расіі не парушае. Насамрэч гэта — толькі адзін са спосабаў сапсаваць жыццё дыпламатам, піша Бі-бі-сі.
Можна, напрыклад, зацягваць выдачу ім віз. Можна больш-менш актыўна сачыць за імі ды іх сямейнікамі.
Адна дыпламатка распавядала, што, калі яна неяк вярнулася ўвечары дадому, то пабачыла, што літары на магніціках на яе лядоўні былі пераўтвораныя ў абрэвіятуру ФСБ.
Іншая знайшла свайго ката замерзлым насмерць на вуліцы — яна падазрае, што яго хтосьці наўмысна выкінуў з кватэры.
У тым, што аўтарытарныя краіны імкнуцца ўскладніць жыццё замежным дыпламатам, няма нічога незвычайнага. Часта гэта проста «ўваходзіць у праграму», заключае Бі-бі-сі.