У Польшчы за 14 месяцаў затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расіі

Расійскія спецслужбы спрабуюць нарасціць маштаб укаранення ў Польшчы. Яны спрабуюць вербаваць новых агентаў.

21.07.2023 / 10:53

Фота: польская контрразведка

Польшча за 14 месяцаў затрымала 22 шпіёнаў з Беларусі і Расіі. Такія звесткі прывёў прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбы Станіслаў Жарын.

«Цяпер мы бачым узмацненне беларускіх і расійскіх службаў, што пацвярджаюць лічбы — цягам апошніх 14 месяцаў мы затрымалі 22 шпіёнаў з гэтых дзвюх краін», — цытуе словы Жарына Reform.by.

Расійскія спецслужбы спрабуюць нарасціць маштаб укаранення ў Польшчы. Яны спрабуюць вербаваць новых агентаў. У тым ліку таму ў сакавіку 2022 года былі выправаджаныя з краіны 45 расійскіх дыпламатаў.

«Гэта былі людзі, якія праводзілі рознага роду разведвальныя мерапрыемствы ў нашай краіне. Калі іх не стала, Крамлю давялося шукаць новыя спосабы працы. Тыя людзі, якіх мы затрымалі апошнімі месяцамі, былі толькі праявай гэтага», — дадаў ён.

Нагадаем, сёлета польскія спецслужбы заявілі, што разграмілі расійскую шпіёнскую сетку. Па справе былі затрыманыя 15 грамадзян Беларусі, Расіі і Украіны. Паводле версіі польскага боку, яны вялі назіранне за ваеннымі аб'ектамі, інфраструктурай і нават рыхтавалі дыверсіі на чыгунцы, накіраваныя супраць паставак ва Украіну ваенных і гуманітарных грузаў.

Жарын лічыць, што Расія паспрабуе ўздзейнічаць на парламенцкія выбары ў Польшчы, у тым ліку з дапамогай прапаганды, розных акцый, напрыклад, стымулюючы міграцыйныя патокі праз мяжу з Беларуссю.

Чытайце таксама:

У Польшчы двух беларусаў будуць судзіць за шпіянаж. Ім пагражае да 10 гадоў турмы

Nashaniva.com