Анатоль Шумчанка атрымлівае прапановы аб жаніцьбе
Ролік былога лідара прадпрымальнікаў з фільтрам старасці ў TikTok сабраў каля тысячы каментароў. Шумчанку засыпаюць кампліментамі і прапановамі аб знаёмстве.
21.07.2023 / 11:00
Анатоль Шумчанка. Фота з сацсетак
«Тэхналогіі — яны такія, — распавядае Анатоль Шумчанка «Народнай Волі». — 113 тысяч праглядаў за пару дзён і каля 1000 каментароў пад маім відэа ў Tik Tok, ён таксама змешчаны і ў інстаграме.
А колькі бабуль прынялі мяне за свайго аднагодка і зайздроснага жаніха ў вобразе дзядулі Толі, напісаўшы мне цёплыя і прызнальныя словы, — не злічыць!
Мяне засыпаюць кампліментамі дамы ўсіх узростаў і з розных краін, пішуць мне прыемныя пажаданні, прапануюць пазнаёміцца, пасябраваць і нават пераехаць у іншую краіну: маўляў, якія вашы гады, усё ў вас яшчэ наперадзе, вы вельмі цікавы мужчына! Кажуць, што сівізна мне да твару і што мужчыны — як добрае віно, з кожным годам толькі лепшымі і прывабнейшымі становяцца. Некаторыя зычаць мне знайсці тую самую сваю жанчыну…
Я, вядома, смяяўся. І ўжо стаміўся пісаць, што гэта — проста фільтр старасці, але гэта, падобна, ужо не мае ніякага значэння: са мной актыўна хочуць знаёміцца. Амаль як у тым фільме «У джазе толькі дзяўчаты»: «У кожнага свае недахопы».
Увогуле, з падобнымі фільтрамі трэба быць акуратнейшым, каб не скаціцца ў паралельныя сусветы падваення асобы».
Варта заўважыць, што Анатоль Шумчанка даўно і шчасліва жанаты. Жонка да папулярнасці мужа ў сацсетках ставіцца з усмешкай і разуменнем.