Палітзняволеная Вольга Ялцэвіч выйшла на волю. Яна дапамагала аплочваць штрафы рэпрэсаваным
Суд Маскоўскага раёна Брэста ў ліпені мінулага года асудзіў жыхарку Докшыцаў на 2 гады калоніі за «фінансаванне пратэснай дзейнасці» (ч. 2 арт. 342 КК).
21.07.2023 / 11:41
Вольга Ялцэвіч (на фота другая злева) 21 ліпеня выйшла з калоніі ў Гомелі. Фота з сацыяльных сетак
Згодна з матэрыяламі следства Вольга не пазней за 12 жніўня 2020 года «на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю пра збор грошай для падтрымкі грамадзян, якія бралі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Вольга аплочвала сумы накладзеных на правапарушальнікаў грашовых спагнанняў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную пошліну за падачу скаргаў.
Вядома, што ў брэсцкім СІЗА жанчыну больш за 50 сутак утрымлівалі ў карцары. На знак пратэсту супраць парушэння яе правоў і невыносных умоваў утрымання яна неаднойчы трымала галадоўку. Тэрмін Вольга адбывала ў гомельскай калоніі № 4.
21 ліпеня 2023 года Ялцэвіч выйшла на волю, цалкам адбыўшы свой тэрмін, піша Вольга Класкоўская. У зняволенні яна адбыла 1 год, 7 месяцаў і 5 дзён.
«Хто з ёй сядзеў — кажуць, што Вольга за кратамі трымалася моцна і годна», — напісаў у сацсетках яе зямляк Кастусь Шыталь.