У Расіі вельмі хітра павысілі прызыўны ўзрост

Думскі камітэт абароны ўхваліў да другога чытання законапраекта аб павышэнні прызыўнога ўзросту папраўку, згодна з якой ніжняя мяжа прызыўнога ўзросту ў Расіі не будзе павышацца да 21 года, як раней абяцала Мінабароны Расіі.

21.07.2023 / 14:04

Фота: Sergey Nikolaev/NurPhoto via Getty Images

«Галоўная папраўка, што верхняя мяжа — гэта 30 гадоў. Ніжнюю мяжу прызыўнога ўзросту вырашана пакінуць 18 гадоў, бо вельмі шмат хлопцаў хоча пайсці служыць менавіта ў 18 гадоў», — заявіў кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў, піша Бі-бі-сі.

Такім чынам, межы прызыўнога ўзросту ў Расіі будуць пашыраныя.

З прапановай паэтапна павялічыць прызыўны ўзрост — браць на тэрміновую службу ў армію з 21 года да 30 гадоў, а не з 18 да 27, як цяпер, выступіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ў снежні 2022 года.

Унесены ў Думу законапраект прадугледжваў, што першыя часы прызываць будуць па змяшаным тыпе — то-бок людзей ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Поўны ж пераход да новай сістэмы, пры якой мінімальны прызыўны ўзрост будзе складаць 21 год, а гранічны — 30 гадоў, павінен быў заняць ад аднаго года да трох гадоў.

У Крамлі ў цэлым такую ідэю тады падтрымалі. У пачатку студзеня прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў казаў, што Уладзімір Пуцін «канцэптуальна» падтрымлівае ідэю, але «дэталі, афармленне гэтай ідэі — варта ўспрымаць інфармацыю ад Міністэрства абароны».

У Мінабароны і ў Думе тлумачылі павышэнне прызыўнога ўзросту неабходнасцю палепшыць якасць прызыўнога кантынгенту — гэта давала будучым салдатам магчымасць завяршыць адукацыю, набрацца сталасці і жыццёвага досведу.

«Я не стамляюся падкрэсліваць: гэтая наша ініцыятыва накіраваная не на колькаснае, а на якаснае развіццё арміі. Калі папраўкі канчаткова набудуць моц, у шэрагі вайскоўцаў будуць прыходзіць больш развітыя, больш сталыя ў псіхалагічным і фізічным плане людзі, якія валодаюць пэўным жыццёвым досведам, навыкамі і кампетэнцыямі», — казаў той жа Картаполаў 14 сакавіка 2023 года.

У чэрвені Дзярждума прыняла законапраект аб павышэнні прызыўнога ўзросту ў першым чытанні. Аднак да другога чытання пазіцыя заканадаўцаў у адносінах да ніжняй прызыўной планцы раптам змянілася. А магчыма, так і планавалася.

Крытыкі называлі ідэю пераходнага перыяду відавочнай спробай расійскіх уладаў павялічыць колькасць расійцаў, якіх маюць права прызваць на вайсковую службу, каб кампенсаваць масавы недахоп кадраў, выкліканы вялікімі стратамі ў вайне ва Украіне.

Nashaniva.com