Лукашэнка: Ніхто ў калгасе не можа звольніцца без рашэння кіраўніка

Надышоў час навесці парадак з кадрамі ў сельскай гаспадарцы, чарговы раз заявіў Аляксандр Лукашэнка на традыцыйнай нарадзе, прысвечанай уборачнай кампаніі.

21.07.2023 / 15:16

Contributor / Getty Images

«Сёння ніводны спецыяліст, ніводны кіраўнік сельгаспрадпрыемства не можа быць пераведзены на іншую працу або звольніцца без рашэння старшыні райвыканкама», — цытуе Лукашэнку «Спутнік».

Паводле яго слоў, пасля звальнення такога спецыяліста ніхто не павінен браць яго на новую працу да таго моманту, пакуль не будзе дадзена нармальная характарыстыка з папярэдняй працы.

Лукашэнка асабліва адзначыў, што такі прынцып павінен працаваць на ўсёй вертыкалі, каб старшыня райвыканкама і ўсе, хто ёсць у абласным рэестры, таксама не маглі кінуць працоўнае месца.

«Час ужо навесці парадак з кадрамі. Тое ж самае — ніводны механізатар, даярка і гэтак далей у сельгаспрадпрыемстве (калгасе, саўгасе) не можа кроку ступіць налева-направа без рашэння кіраўніка. Замкнёная вертыкаль і адказнасць», — абмаляваў перспектывы Лукашэнка.

На яго думку, жніво з'яўляецца ўсенароднай справай. Таму плануецца дадаткова задзейнічаць тры тысячы механізатараў.

«Ведаю, многія мужыкі, асабліва тыя, хто родам з вёскі, спецыяльна бяруць адпачынкі на ліпень і ўладкоўваюцца працаваць камбайнерамі, каб зарабіць добрыя дадатковыя грошы для сваіх сем'яў», — дадаў Лукашэнка.

Nashaniva.com